Апостальскі Нунцый наведаў Баранавічы з нагоды юбілею горада

У нядзелю 23 мая, Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў найстарэйшы касцёл у Баранавічах з нагоды 150-годдзя горада. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа быў выбраны невыпадкова. У крыпце гэтай парафіяльнай святыні пахаваная графская сям’я Яна і Альжбеты Развадоўскіх, якая ў канцы 19 – пачатку 20 ст. былі ўласнікамі тутэйшай мясцовасці, паклапаціліся пра ўзнікненне і развіццё горада.

У гістарычным духоўным сэрцы горада Апостальскі Нунцый узначаліў святую Імшу, удзел у якой узяў біскуп Пінскі Аноні Дзям’янка, архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама мясцовыя святары, кансэкраваныя асобы і вернікі. На пачатку літургіі біскуп Дзям’янка прывітаў усіх сабраных і нагадаў пра вялікую і слаўную гісторыю Касцёла ў гэтай мясцовасці.

Падчас гаміліі Апостальскі Нунцый звярнуў увагу сабраных на таямніцу дзеяння Духа Святога ў жыцці паасобных вернікаў і супольнасці Касцёла ў цэлым. Іерарх нагадаў пра неабходнасць паглыблення духоўнага жыцця і раскрыцця дароў Духа Святога, якія кожны атрымлівае падчас прыняцця святых сакрамэнтаў.

Удзельнікі святой Імшы ўзнеслі да Бога малітву падзякі за апеку Ягонага Провіду над жыхарамі горада на працягу гісторыі. Таксама памаліліся за пілотаў, якія 19 мая загінулі на ўскрайку Баранавічаў у выніку авіякатастрофы.

Пасля заканчэння літургіі, Апостальскі Нунцый у суправаджэнні святароў наведаў крыпту касцёла, дзе памаліўся за ўсіх памерлых, якія стаялі ля вытокаў горада Баранавічы.       

ОтветитьПереслать