Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч у Пружанах асвяціў абраз Маці Божай

22 мая Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах (Пінская дыяцэзія), дзе падчас урачыстай святой Імшы здзейсніў асвячэнне абраза Маці Божай Апякункі лясоў.

Аўтарам унікальнага абраза стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Кузьміч, які, між іншым, зрабіў сучасную рэпліку каштоўнай рэліквіі, страчанай у гады Другой сусветнай вайны, — крыжа Еўфрасінні Полацкай.

З гэтай нагоды ў Пружаны быў дастаўлены таксама яшчэ адзін выкананы майстрам твор сакральнага мастацтва — асвячаны раней біскупам Алегам Буткевічам абраз святой Барбары. Духавенства і вернікі пранеслі яго ў працэсіі па вуліцах горада.

Перад помнікам спаленым вёскам працэсія затрымалася на Маёвае набажэнства і малітву за загінулых падчас Другой сусветнай вайны.

Праца над абразом Маці Божай Апякункі лясоў, выкананым у старадаўняй тэхніцы ў візантыйскім стылі, працягвалася сем месяцаў. Асноўнымі матэрыяламі іконы з’яўляюцца золата, срэбра, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. Блакітнымі літарамі падпісаны яе тытул на лаціне: Mater Dei Silvarum Patrona. На абразе — фігура Маці Божай на фоне лясоў, а таксама касцёла і шляхецкага палацыка ў Пружанах.

Гэты горад на мяжы Беларускага Палесся, размешчаны непадалёк ад славутай Белавежскай пушчы, у 1939 годзе стаў першым месцам служэння маладога святара Казіміра Свёнтка — будучага арцыбіскупа і першага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала. З гэтых мясцін паходзіць і каталіцкі мецэнат, які фундаваў стварэнне каштоўнай іконы, што цяпер будзе захоўвацца ў пружанскім касцёле.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Пружаны сталі першай парафіяй, у якой прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне цэлебраваў Імшу