Адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Росек, былы пробашч парафій у Гродне і Астрыне

Курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведамляе, што 21 жніўня ў Польшчы ў сваім родным доме адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Росек SCI, былы пробашч і будаўнік касцёла Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец), а таксама касцёла Божай Міласэрнасці ў Астрыне (Шчучынскі дэканат).

Святар зрабіў вялікі ўнёсак у адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а ва ўспамінах вернікаў застанецца як руплівы пастыр, здольны служыць усім людзям, якія да яго прыходзілі, і клапатлівы будаўнік.

Ксёндз Станіслаў Росек нарадзіўся 8 лістапада 1958 года. У 1981 годзе ўступіў у супольнасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцане).

26 верасня 1982 года прынёс першыя манаскія абяцанні, а 11 чэрвеня 1988 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Некалькі гадоў служыў у Аўстрыі як вікарый, потым прыехаў у Беларусь, дзе служыў у Гродзенскай дыяцэзіі.

Вярнуўшыся ў Польшчу, служыў у парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Кшэнціне (Шчэцінска-Каменская архідыяцэзія).

У апошнія гады да моманту смерці спаўняў абавязкі адміністратара парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Хварстніцы каля Шчэціна.

Спачыламу было 62 гады, з якіх 33 ён прысвяціў служэнню ў святарстве.