Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды рэкансэкрацыі касцёла Святога Юзафа ў Ляхавічах

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

 

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Адзначаючы разам з Паўсюдным Касцёлам Звычайны Юбілей Святога 2025 года, а таксама перажываючы сотую гадавіну з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі,  хачу запрасіць усіх вас на радасную ўрачыстасць рэкансэкрацыі касцёла Святога Юзафа ў Ляхавічах, якая адбудзецца 22 сакавіка падчас святой Імшы а 12.00 гадзіне.

Гэтая святыня з’яўляецца жывым сведкам багатай і драматычнай гісторыі Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі. Яна была пабудаваная ў 1907 г. пасля працяглага часу немагчымасці аднавіць раней разбуранага старадаўняга парафіяльнага касцёла. Як толькі царскія ўлады далі дазвол, стараннямі ляхавіцкіх вернікаў на пачатку мінулага стагоддзя была пабудаваная гэтая святыня ў гонар Святога Юзафа – Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Кансэкрацыю касцёла здзейсніў у 1910 г. тагачасны кіруючы біскуп Ян Цепляк. Да паловы ХХ стагоддзя гэтае месца Божага культу было цэнтрам духоўнага жыцця вернікаў у Ляхавічах, а таксама ўсё акругі, для якой гэты храм быў цэнтрам мясцовага дэканата.

У часы пасляваеннага атэізма ў другой палове ХХ стагоддзя касцёл Святога Юзафа ў Ляхавічах, так як многія іншыя святыні ў нашай дыяцэзіі, быў зачынены. Яго пераабсталявалі для патрэбаў раённай бальніцы. На пачатку 1990-х гадоў ляхавіцкія вернікі прадпрымалі старанні, каб вярнуць гістарычную святыню, аднак на той час гэта было немагчыма. Толькі пасля пабудовы новага шпіталя будынак касцёла быў зачынены як аддзяленне бальніцы і праз некаторы час пуставаў. Адначасова з боку Каталіцкага Касцёла аднавіліся намаганні аб вяртанні святыні вернікам. У 2017 г., дзякуючы старанням парафіянаў і зразуменню з боку дзяржаўных уладаў, касцёл святога Юзафа быў перададзены вернікам. Пасля заканчэння рамонтных прац у верасні 2019 г. пасля 70-гадовага перапынку ў храме аднавіліся набажэнствы.

Сярод вернікаў Ляхавічаў засталіся жывыя сведкі перадваеннага духоўнага жыцця, часоў атэістычнага заняпаду і сучаснага адраджэння святыні. Ёсць тыя, хто ў гэтым касцёле у тыя даўнейшыя часы быў ахрышчаны, прымаў першую Святую Камунію, наведваў набажэнствы. Ёсць тыя, хто ў савецкія часы ў гэтым будынку праходзіў медыцынскае лячэнне, наведваў хворых, працаваў. Адзін з сучасных пажылых парафіянаў узгадвае, як у дзяцінстве служыў міністрантам пры алтары ў гэтай святыні ў даваенны час, пазней у часы атэізма працаваў лекарам тут жа ў раённым шпіталі, цяпер зноў кленчыць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у адроджаным родным касцёле.

Тут у часы атэізма пры будынку касцёла – тагачаснай бальніцы – працаваў качагарам пазнейшы ксёндз Рышард Юнік, які праходзіў падрыхтоўку да святарства ў 1970-я гады пад кіраўніцтвам ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага ў суседніх Мядзведзічах. Пасля пасвячэння ў 1978 г. служыў у парафіі ў Новай Мышы, быў шматгадовым пробашчам у Рубяжэвічах.  

Сёлета, калі мы адзначаем сотую гадавіну з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі, дзякуем Міласэрнаму Богу за тое, што горад Ляхавічы мае новую святыню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і адроджаны касцёл Святога Юзафа. Пасля драматычных часоў атэізма, калі на ляхавіцкай зямлі заставаўся толькі адзін святар – ксёндз Вацлаў Пянткоўскі ў Мядзведзічах, цяпер рупліва служаць Богу і людзям тры святары ў горадзе Ляхавічы.

Дзякуем Пану Богу за дар адраджэння Касцёла на нашай зямлі. Дзякуем і памятаем у малітве пра ўсіх тых, хто прычыніўся да захавання і аднаўлення парафіяльнай святыні святога Юзафа.                      

Запрашаю вас, дарагія святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і ўсе людзі добрай волі на радасную ўрачыстасць рэкансэкрацыі касцёла Святога Юзафа ў Ляхавічах. Няхай супольная малітва 22 сакавіка паслужыць нашаму духоўнаму ўзбагачэнню і стане знакам салідарнай духоўнай падтрымкі для адроджанай гістарычнай парафіі ў г. Ляхавічы, разам з якою хочам раздзяліць радасць памятнага акту паўторнага аддання касцёла святога Юзафа ў выключнае служэнне на Божую хвалу і дзеля збаўлення людзей.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі       

Пінск, 25 лютага 2025 г.

У Драгічыне адбылося пасвячэнне касцёла

22 лютага ў горадзе Драгічыне адбылася ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла. Святыня была пабудаваная замест старадаўняга касцёла, які ў часы атэізма быў зачынены і пераабсталяваны для свецкіх мэтаў. Новы каталіцкі храм, пасля завяршэння яго пабудовы, адчыніў дзверы ў 2018 г. Яго кансэкрацыя была спецыяльна прымеркаваная на бягучы год з нагоды святкавання стагоддзя з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі.    

Святую Імшу і абрад пасвячэння касцёла ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім літургію цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыя Андрэй Зноска, а таксама архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій дыяцэзіі.  Літургія распачалася з сімвалічнага адкрыцця дзвярэй святыні. На парозе храма біскупаў з хлебам-соллю прывіталі гасцінныя драгічынскія парафіяне, а таксама мясцовы пробашч – ксёндз Павел Кручэк.

Гамілію з нагоды пасвячэння касцёла прамовіў біскуп Андрэй Зноска. Іерарх запрасіў сабраных паглядзець на кожны храм як бачны знак Божай прысутнасці, а таксама як асаблівае месца дзеяння Яго ласкі. Новая драгічынская святыня становіцца сапраўдным духоўным цэнтрам для ўсіх жыхароў гэтай мясцовасці, дзе кожны жадаючы можа напоўніцца Божай ласкай.

На завяршэнне святой Імшы біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў драгічынскім вернікам за іх моцную веру і руплівасць. Дзякуючы іх працавітасці, зразуменню патрэбаў католікаў з боку мясцовых уладаў, а таксама шчодрасці тых, хто падтрымліваў будаўніцтва сваімі ахвяраваннямі, горад на нова атрымаў прыгожае месца Божага культу і духоўнага ўзбагачэння вернікаў.

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды пасвячэння касцёла Маці Божай Каралевы ў Драгічыне

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Дзякуем Міласэрнаму Богу за дар новага 2025-га года, у якім мы адзначаем падвойны юбілей: разам з Паўсюдным Касцёлам святкуем Юбілейны Год ад Нараджэння Хрыста, а ў Пінскай дыяцэзіі – стагоддзе з даты яе заснавання. Гэты час шчодры на шматлікія духоўныя мерапрыемствы. Хачу запрасіць вас на знакавую падзею для нашай дыяцэзіі. 22 лютага а 12.00 у горадзе Драгічыне адбудзецца ўрачыстае пасвячэнне новага парафіяльнага касцёла Маці Божай Каралевы. 

Каталіцкі Касцёл на драгічынскай зямлі налічвае шматлікія стагоддзі багатай гісторыі. Тут многія вякі рупліва служылі Божаму народу браты францішкане. Сведкам той вялікай мінуўшчыны з’яўляюцца між іншым руіны старадаўняга касцёла ў вёсцы Язвіны каля Драгічына. Пра багацце духоўнай і скаральнай спадчыны гэтай зямлі можа шмат расказаць касцёл у Бездзежы. У самым Драгічыне на працягу стагоддзяў парафіяльны касцёл дзяліў лёсы мястэчка, перажываючы ліхалецці войнаў, пажараў, адбудоваў і мірнага развіцця. За апошняе стагоддзе такім знакам надзеі была адбудова і пасвячэнне парфіяльнай святыні ў 1928 годзе замест раней разбуранай. Але і гэты касцёл у часы атэізма пасля ІІ Сусветвнай вайны драгічынскія вернікі страцілі. Будынак хоць і захаваўся, але быў пераабсталяваны для свецкага ўжытку.

У 1990-я гады драгічынскія католікі распачалі старанні аб пабудове новага парафіяльнага касцёла замест страчанай святыні. Спачатку парафіяне маліліся ў доме пераабсталяваным пад капліцу. Але дзякуючы нястомнай руплівасці вернікаў і душпастыраў, а таксама дзякуючы прыхільнасці мясцовых уладаў, якія са зразуменнем аднесліся да патрэбаў драгічынскіх католікаў, у 2018 г. завяршылася будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла. Гэтая святыня стала сапраўдным упрыгажэннем горада. А вернікі ўрэшце маюць годнае месца для супольных набажэнстваў, удзелу ў святых сакрамэнтах, перажывання з Богам у сваім касцёле разнастайных момантаў жыцця.   

Запрашаю святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла ў Драгічыне. Няхай нашая супольная малітва 22 лютага стане актам падзякі Пану Богу за адраджэнне духоўнага жыцця і нашых святынь.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі      

Пінск, 17 студзеня 2025 г.

У Брэсце з нагоды юбілею памаліліся за ксяндза каноніка Тадэвуша Альшэўскага

У нядзелю 9 лютага дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыя Андрэй Зноска наведаў з пастырскім візітам парафію Маці Божай Каралевы ў г. Брэсце. Асабалівай нагодай прыезду іерарха стаў юбілей 75-годдзя з дня нараджэння шматгадовага пробашча парафіі ксяндза каноніка Тадэвуша Альшэўскага. Біскуп Андрэй узначаліў святую Імшу ў парафіяльным касцёле. Дзякуючы вернікам за цёплыя словы прывітання, іерарх запрасіў сабраных узнесці да Бога малітву падзякі за шматгадовае ахвярнае служэнне ксяндза Тадэвуша на Брэстчыне. Падчас гаміліі біскуп заахвоціў парафіянаў сваёй працай і жыццём прыносіць хвалу Пану Богу. На завяршэнне літургіі архіпастыр падзякаваў таксама манахіням – сёстрам Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, якія пад духоўнай апекай ксяндза Тадэвуша Альшэўскага шмат гадоў служаць мясцовым вернікам і ўсім патрабуючым.

 

У той жа дзень біскуп Андрэй Зноска наведаў таксама парафію святога Юзафа ў г. Жабінка, дзе нясе служэнне ксёндз Тадэвуш Альшэўскі. Разам з вернікамі гэты святар у свой час прыклаў шмат старанняў, каб у мястэчку быў адбудаваны парафіяльны касцёл, дзе ўсе жадаючыя могуць перажываць сустрэчу з Панам Богам на супольнай малітве. Віншуючы ксяндза каноніка з прыгожым юбілеем, біскуп Андрэй заахвоціў вернікаў не пераставаць маліцца аб новых пакліканнях да святарскага служэння.

У Іванаве ўшанавалі памяць ксяндза прэлата Вітальда Івіцкага

22 студзеня ў г. Іванава адбылося ўшанаванне памяці ксяндза прэлата Вітальда Івіцкага (1884-1943), які быў расстраляны гітлераўцамі на ўскраіне гэтага мястэчка разам з закладнікамі – гараджанамі Пінска – 22 студзеня 1943 г. З гэтай нагоды Іванава наведаў з пастырскім візітам біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Перад пачаткам набажэнства ў мясцовым парафіяльным касцёле Узвышэння Святога Крыжа іерарх наведаў месца расстрэлу і пахавання святара і іншых ахвяраў ІІ Сусветнай вайны.

Падчас Святой Імшы біскуп Антоні нагадаў вернікам пра жыццёвы шлях ксяндза прэлата Вітальда Івіцкага, які быў бліжэйшым супрацоўнікам перашага біскупа Пінскай дыяцэзіі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Ён таксама быў першым рэктарам Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Падчас карнай аперацыі гітлераўцаў ахвяраваў сваё жыццё дзеля ратавання іншых жыхароў г. Пінска. Разам з 38 закладнікамі быў вывезены з Пінска і расстраляны ў г. Іванава. На месцы расстрэлу і пахавання ахвяраў вайны у пасляваенны час быў узнесены мемарыял.

На завяршэнне літургіі біскуп разам са святарамі і вернікамі памаліўся за ўсіх памерлых святароў, якія служылі ў Пінскай дыяцэзіі, а таксама заахвоціў сабраных маліцца аб новых пакліканнях да Божай службы.