Віншаванне на ўрачыстасць Божага Нараджэння Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

«Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння нагадвае нам,

што Езус — гэта наш супакой, нашая радасць, нашая моц і нашае суцяшэнне»

 (Святы Айцец Францішак)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Дарагія вернікі, людзі добрай волі!

Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння запрашае нас паглядзець на кожнага чалавека, а асабліва на сям’ю, як на бясцэнны дар з Неба. Сын Божы — абяцаны Адкупіцель — прыходзіць у гэты свет, каб вярнуць яму надзею на вечнае збаўленне, умацаваць веру, навучыць безумоўнай любові і ўзаемнай зычлівасці як фундаментальнай запаведзі, на якой грунтуецца «ўвесь Закон і Прарокі» (гл. Мц 22, 40).

У таямніцы бэтлеемскіх ясляў Бог, бясконцы ў міласэрнасці (гл. Эф 2, 4), схіляецца  над чалавечай слабасцю, каб шырока адкрыць дзверы да крыніц Яго ласкі. Неабходна толькі адчыніць гасцінна Богу дзверы і прыняць дар Яго Сына. Так мы зробім найважнейшы крок насустрач Таму, хто прыходзіць, каб нас выбавіць ад путаў усялякага граху, зла і вечнай пагібелі.

Няхай Хрыстус — святло свету (гл. Ян 8, 12) — увойдзе ў кожны наш дом, каб рассеяць цемру непаразуменняў і слабасцяў. Няхай Бог Адкупіцель, які пажадаў аб’явіцца гэтаму свету праз дар Дзіцяці і Святой Сям’і, напоўніць душу кожнага чалавека цеплынёй той незямной любові, якая праменіцца з таямніцы бэтлеемскіх ясляў. А нязгаснае ззянне Бэтлеемскай зоркі няхай асвятляе кожны шлях і найлепшыя планы на будучыню.

Жадаю кожнаму з вас, браты і сёстры, перажыць невыказную радасць асаблівай сустрэчы з Хрыстом, які прыходзіць, каб быць «Богам з намі» (гл. Ап 21, 3). Зычу ўсім людзям добрай волі, каб гэтыя калядныя дні радасці і надзеі на парозе новага, 2025 года ўмацавалі ўсіх нас той непахіснай надзеяй на перамогу дабра, справядлівасці і любові, якая напаўняла сэрцы Святой Сям’і з Назарэта, бэтлеемскіх пастушкоў і святых анёлаў — веснікаў новага часу.

Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, Божае Нараджэнне, 2024 г.

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

У Актаве Божага Нараджэння, у суботу 28 снежня а 11.00 гадзіне нас чакае радасная ўрачыстасць пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў мікрараёне Рэчыца ў горадзе Брэсце (вул. Сонечная, 82В). 

Гэтая парафія мае багатую гісторыю. На пачатку 20 ст. у гэтай частцы горада быў пабудаваны прыгожы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Аднак, у сувязі з ліхалеццямі вайны і часоў атэізма святыня была страчана, выкарыстоўвалася для іншых свецкіх мэтаў. Пасля адраджэння дзейнасці парафіі на мяжы 20-21 ст., дзякуючы старанням вернікаў і мясцовых душпастыраў, гарадскія ўлады выдзелілі католікам месца для пабудовы парафіяльнай святыні ў новым месцы таго ж мікрараёна.  

Сёння мы цешымся і дзякуем Міласрэнаму Богу за адраджэнне парафіі і паспяховае завяршэнне будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Католікі Брэста, пражываючыя ў мікрараёне Рэчыца і прылеглых частках горада,  зноў маюць годнае месца для супольнай малітвы і яднання з Богам у святых сакрамэнтах. 

Запрашаю біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Няхай гэты супольны малітоўны акт аддання святыні ў выключнае служэнне Божаму культу 28 снежня а 11.00 гадзіне стане асаблівым часам каляднай сустрэчы для католікаў Брэсцкага рэгіёна.

Перажываючы час падрыхтоўкі да Святога 2025 года ў Паўсюдным Касцёле і адзначаючы стагоддзе заснавання Пінскай дыяцэзіі, няхай кожны вернік нашай дыяцэзіі ўключыцца ў радасную ўрачыстасць пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце або сваёй прысутнасцю, або духоўнай малітоўнай падтрымкай.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі       

Пінск, 10 снежня 2024 г.

У Пінскай дыяцэзіі ўстаноўленыя юбілейныя касцёлы на Святы 2025 год

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка 7 снежня падпісаў дэкрэт аб устанаўленні шасці юбілейных касцёлаў у Пінскай дыяцэзіі на перыяд Святога Году 2025.

У дэкрэце між іншым біскуп напісаў:  “Папа Францішак булай “Spes non confundit” 9 мая 2024 г. абвясціў Звычайны Юбілей 2025 года, які распачнецца ў Рыме 24 снежня 2024 г. адкрыццём святых дзвярэй у базыліцы Святога Пятра, а ў нядзелю 29 снежня 2024 г. гэтае святкаванне распачнецца ў ва ўсіх катэдральных касцёлах свету. Ва ўзгаданай буле Святы Айцец заклікае ўсіх хрысціянаў, каб у Юбілейным годзе сталіся пілігрымамі надзеі, асабліва ў часы, калі “чалавецтва, забываючы пра драмы мінулага, паддаецца новаму і цяжкаму выправабаванню, у якім многія народы прыгнятаюцца жорсткім насіллем” (п.8). Папа Францішак нагадвае, што менавіта надзея з’яўляецца цнотай, якую неабходна нанова адкрыць у знаках часу, якія, ахопліваючы “тугу чалавечага сэрца, патрабуючага збаўчай прысутнасці Бога, намагаюцца, каб былі ператвораныя ў знакі надзеі” (п.7), якія належыць чэрпаць перадусім з Божай ласкі і паўнаты Яго міласэрнасці. Таму ўсе вернікі запрошаныя здзейсніць пілігрымку надзеі ў вызначаныя месцы ў Рыме або ў іншыя юбілейныя касцёлы, “у якіх ёсць магчымасць аднавіць шлях веры і напіцца з крыніцы надзеі, перадусім прыступаючы да сакрамэнту паяднання, незамяняльнага пункту выйсця на сапраўдным шляху навяртання” (п.5).

У сувязі з вышэй узгаданым, маючы ва ўвазе духоўнае дабро вернікаў нашай дыяцэзіі, а таксама плённае перажыванне Святога году, устанаўляю на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі наступныя касцёлы юбілейнымі святынямі:

  • Катэдральную базыліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску,
  • Санктуарый Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся ў Лагішыне,
  • Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Баранавічах,
  • Санктуарый святога Андрэя Баболі у Іванаве,
  • Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце,
  • Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах
  • Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі,
  • Касцёл Святога Міхала Арханёла ў Мазыры.

Заахвочваю да пілігрымак у гэтыя месцы. За наведванне ўзгаданых касцёлаў падчас трывання Звычайнага юбілею 2025 года, згодна з дэкрэтам Апостальскай пенітэнцыярыі ад 13 мая 2024 г., можна будзе атрымаць ласку юбілейнага адпусту. Усе вернікі, якія ў Святым годзе прыступяць да сакрамэнтальнай споведзі, прымуць Святую Камунію, выключаць прывязанасць да якога-небудзь граху і будуць маліцца згодна з інтэнцыямі Святога Айца, могуць атрымаць поўны адпуст:

  • калі адбудуць пабожную пілігрымку – індывідуальна або ў групе – у юбілейны касцёл, будуць удзельнічаць у Святой Імшы прымаючы Святую Камунію, або ў набажэнстве Божага Слова, Літургіі гадзінаў ці ў іншых набажэнствах, карыстаючыся з сакрамэнту пакаяння,
  • або на працягу адпведнага часу адправяць Эўхарыстычную адарацыю і разважанне, завяршаючы яго малітвай “Ойча наш”, Вызнаннем веры ў любой дазволенай форме і малітва да Маці Божай.

Акрамя таго, нягледзячы на прынцып Касцёла, што на працягу аднаго дня можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст, вернікі ў Юбілейным годзе атрымліваюць акт міласэрнасці дзеля чысцовых душ, калі прыступяць у тым самым дні яшчэ раз да Святой Камуніі, тады змогуць атрымаць яшчэ адзін адпуст у той самы дзень, ахвяруючы другі атрыманы адпуст толькі за памерлых.

Заахвочваю да скарыстання з гэтага дару ласкі, а ўсіх святароў, служачых у вышэй узгаданых асаблівых месцах культу ў часе трывання Звычайнага юбілею 2025 года, а асабліва спаведнікаў і вернікаў, наведваючых юбілейныя касцёлы, ад усяго сэрца благаслаўляю”.

Біскуп Дзям’янка здзейсніў пасвячэнне новага касцёла ў Мікашэвічах

7 снежня, напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у горадзе Мікашэвічы Лунінецкага раёна (Пінская дыяцэзія, Пінскі дэканат) адбылася ўрачыстасць пасвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Цэлебрацыю святой Імшы з абрадам пасвячэння святыні ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічаў біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец ОР з Гомеля, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, кансэкраваныя асобы, вернікі з мікашэвіцкай і з суседніх парафій.

Літургія распачалася сімвалічным адкрыццём дзвярэй касцёла. На парозе святыні біскупа Пінскага прывітаў мясцовы пробашч ксёндз Дзмітрый Кернога і прадстаўнікі парафіі з хлебам-соллю.

Звяртаючыся да сабраных, біскуп Дзям’янка адзначыў, што новая каталіцкая святыня ў Мікашэвічах — гэта годнае месца культу для вернікаў і ўпрыгажэнне для горада.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка.

Святар узгадаў драматычны шлях, які прайшла да гэтага ўрачыстага дня мясцовая парафія. Пасля ліхалеццяў вайны і ночы атэізму ў мінулым стагоддзі, яна страціла былую парафіяльную святыню.

Але дзякуючы настойлівай руплівасці вернікаў, самаадданаму служэнню мясцовых святароў, разуменню патрэбаў Касцёла з боку мясцовых уладаў удалося атрымаць іншы адпаведны будынак замест ранейшага касцёла, правесці некалькі этапаў яго грунтоўных рамонтаў, каб цешыцца новай парафіяльнай святыняй, годнай яе сакральнага прызначэння.

На заканчэнне святой Імшы да вернікаў прамовіў біскуп Велікаселец, які стаяў ля вытокаў адраджэння дзейнасці парафіі ў 1990-я гады.

Заслужаны палескі іерарх заахвоціў сабраных цаніць дар касцёла, тыя магчымасці ўзрастання ў святасці, якія адкрывае ўдзел у штодзённай святой Імшы ў гэтай святыні і рэгулярнае ўмацаванне святымі сакрамэнтамі.

Са словамі віншавання да парафіянаў і іх пастыраў звярнуўся таксама старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Аляксандр Дзядовіч.

Кіраўнік гарадской адміністрацыі адзначыў значны ўнёсак мясцовай каталіцкай парафіі ў развіццё духоўнага і культурнага жыцця Мікашэвічаў, спрыянню міжканфесійнаму і грамадскаму міру і ўзаемаразуменню.

На заканчэнне літургіі біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец ўдзялілі ўсім сабраным пастырскае благаслаўленне.

Іерархі пажадалі шчодрых духоўных плёнаў мікашэвіцкім вернікам, якія адгэтуль будуць збірацца на супольную малітву ў пасвячанай парафіяльнай святыняй.