Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
28 кастрычніка 1925 г. Папа Пій ХІ заснаваў Пінскую дыяцэзію. Рыхтуючыся да адзначэння гэтай юбілейнай даты ўсёй супольнасцю мясцовага Касцёла, мы распачынаем год падзякі Міласэрнаму Богу за ўсе Яго ласкі, якія нашая дыяцэзія атрымлівала на працягу гэтых ста гадоў.
28 верасня бягучага года а 11-й гадзіне жадаем распачаць святкаванне сотай гадавіны заснавання Пінскай дыяцэзіі ў мястэчку Ружаны. Божы Провід дазволіў аднавіць там велічную капліцу Святога Казіміра, якая была ўзнесеная ў XVIII ст. у памяць пра перанясенне і захаванне ў Ружанах рэліквій гэтага святога нашай зямлі.
Таму запрашаю ўсіх вас прыняць удзел у Святой Імшы ў ружанскай капліцы Святога Казіміра ў апошнюю суботу верасня. Падчас літургіі адбудзецца асвячэнне адноўленай святыні, а таксама ўсе разам узнясём да Бога малітву падзякі за ўсе Яго дары, якімі Ён не перастае шчодра благаслаўляць Пінскую дыяцэзію.
У межах Ружанскага фэсту, з якога распачнём святкаванне стогадовага юбілею дыяцэзіі, кожны з нас будзе мець асаблівую магчымасць дакрануцца да вялікай духоўнай і гістарычнай спадчыны Касцёла на нашай зямлі. На гэтай урачыстасці мы станем не толькі сведкамі, але і ўдзельнікамі шэрага гістарычных падзей: асвячэння адрэстаўраванай святыні ў гонар святога Казіміра і адноўленага ўнікальнага старадаўняга аргана ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Таксама пазнаёмімся з гісторыяй Пінскай дыяцэзіі, станем сведкамі гістарычнай рэканструкцыі захавання рэліквій святога Казіміра і будзем мець магчымасць памаліцца пры яго аўтэнтычных рэліквіях. Нашая моладзь падрыхтавала прыгожы канцэрт праслаўлення Пана Бога, які адбудзецца ў непаўторнай атмасферы Ружанскага замка.
Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі да актыўнага ўдзелу ў гэтай знакавай урачыстасці 28 верасня ў Ружанах. Няхай нашая супольная малітва ў дзень распачацця юбілейнага года Пінскай дыяцэзіі прынясе шчодры і трывалы духоўны плён.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 16 верасня 2024 г.