У горадзе над Бугам з удзелам нунцыя Ёзіча і біскупа Дзям’янкі адзначылі ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай

27 мая, у апошнюю суботу месяца, які асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай, у Брэсце (Пінская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай. Сёлета ў святкаванні ўзяў удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Урачыстасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што побач з цэнтральнай плошчай Брэста, распачаліся старадаўняй візантыйскай малітвай — Акафістам да Найсвяцейшай Багародзіцы.

Набажэнства правялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Наступным пунктам малітоўнай праграмы стаў супольны Ружанец, які правяла парафіяльная моладзь.

Пасля гэтага сабраныя вернікі, у тым ліку дзеці, разам з пробашчам парафіі ксяндзом Антоніем Анціпенкам прывіталі Апостальскага нунцыя, які прыбыў у суправаджэнні пастыра Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

Прывітальныя словы да прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне скіравалі адна з сем’яў мясцовай парафіяльнай супольнасці, пробашч парафіі, біскуп Дзям’янка, а таксама нядаўна прызначаны старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.

У сваім прывітальным слове мэр падкрэсліў важнасць падзеі і выказаў падзяку нунцыю Ёзічу за прыезд.

Прадстаўнік гарадской улады падараваў прадстаўніку Папы памятны медаль з гербом горада Брэста, які нядаўна адсвяткаваў сваё тысячагоддзе.

Пасля прывітальных словаў распачалася цэлебрацыя святой Імшы, у якой узялі ўдзел святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай ўлады на чале з мэрам города, а таксама шматлікія парафіяне і госці.

У прамоўлінай гамілі Апостальскі нунцый засяродзіўся на асаблівай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, падкрэсліўшы, што горад Брэст мае дзве крэпасці: адна — гэта Брэсцкая крэпасць-герой, а другая — духоўная крэпасць у выглядзе цудадзейнага абраза Маці Божай Брэсцкай.

Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.

Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.

Там прадстаўнік Папы Францішка ўзнёс малітву падзякі Богу за тое, што меў магчымасць маліцца разам з вернікамі Брэста, а таксама праз заступніцтва Маці Божай скіраваў просьбу аб міры і супакоі для Беларусі і ўсяго свету.

Апошнім пунктам урачыстасці ў Брэсце стаў канцэрт арганай музыкі, які падаравала ўдзельнікам свята арганістка Ірына Арлоўская.

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на летні перыяд Года Надзеі ў Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час,

аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні”

(2 Цім 4, 2).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Усёй супольнасцю мясцовага Касцёла ў нашым рэгіёне мы перажываем час трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі, які з Божай ласкі будзем перажываць у 2025 годзе. Бягучы літургічны год у нашай дыяцэзіі мы адзначаем як Год Надзеі.

У межах трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею жадаем на нова адкрыць і дацаніць багацце вялікай спадчыны Касцёла, якую нам пакінулі папярэднія пакаленні вернікаў на нашай зямлі. Сэрцам гэтай спадчыны з’яўляецца скраб каталіцкай веры, які знайшоў свой вельмі вымоўны выраз у каштоўных старых касцёлах і капліцах, санктуарыях, цудоўных абразах і прыдарожных крыжах. Да гэтай спадчыны належаць таксама святыні, адноўленыя пасля дзесяцігоддзяў атэізацыі, пабудаваныя касцёлы і капліцы ў новых мікрараёнах гарадоў, якія імкліва развіваюцца. Усе гэтыя святыні – старыя і новыя – з’яўляюцца для нас дарам Божага Провіду, каб кожны чалавек меў доступ да асаблівага месца, дзе ён зможна перажыць спатканне з Богам не толькі на малітве, але таксама ў Эўхарыстыі, у іншых сакрамэнтах, заглыбіцца ў Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і памаліцца ў прысутнасці Хрыста, які прабывае ў цішыні табернакулюма.

Дарагія браты і сёстры! У гэтым лісце на пачатак летняга перыяду хачу звярнуць вашую ўвагу на адзін з важных спосабаў прыпамінання пра Пана Бога, які чакае нас у святынях. Ім з’яўляюцца гукі касцёльных званоў. Узгадайма, што яны значаць і якую важную ролю адыгрываюць у духоўным жыцці людзей. Традыцыйна лічыцца, што званы выконваюць трайную функцыю. Па-першае, яны выражюць хвалу, якую мы аддаем Пану Богу праз іх мелодыю. Па-другое, звон вельмі моцна і выразна нагадвае людзям пра касцёл і заклікае на малітву. Па-трэцяе, такі выраз усхвалення Пана з’яўляецца моцным спосабам выгнання злых духаў з месцаў, дзе чалавек чуе, з дапамогай званоў, голас Касцёла ў малітве, і звяртае свае думкі і сэрца да Бога.

Традыцыя ўжывання касцёльных званоў бярэ пачатак у біблійных часах. У Старым Запавеце чытаем, як Майсей, навучаны Панам, загадаў вырабіць срэбныя трубы, з дапмогай якіх святары заклікалі людзей на малітвы раніцай, удзень і ўвечары (гл. Зых 28, 33-35). Таксама на вопратку святара вешаліся званочкі, калі той уваходзіў у Святая Святых Ерузалемскай Святыні. Гэта быў спосаб абвяшчэння вернікам важнага моманту набажэнства і закліку іх на малітву. Голас трубы таксама клікаў выбраны народ у пустыні, каб яны наблізіліся да гары Сінай на сустрэчу з Богам (гл. Зых 19, 13). Тым Сінаем Новага Запавету ёсць Хрыстус прысутны сярод нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце ў кожным касцёле. Таму званы сталі важным атрыбутам кожнай хрысціянскай святыні і кожнага набажэнства.

У традыцыі Касцёла званы заклікаюць вернікаў на малітву ў адпаведныя гадзіны: раніцай, днём і вечарам. Перадусім голас званоў нагадвае аб часе Святой Імшы. Акрамя таго, голас звону апоўдні заахвочвае, каб сярод разнастайных справаў і штодзённай працы вернікі на хвіліну затрымаліся, узносячы малітву “Анёл Панскі” праславілі Пана за дар Уцелаўлення, тым самым асвяцілі свае заняткі і з Божай перспектывы перажывалі кожны дзень. Таксама званы заклікаюць памаліцца за памерлых, асабліва тады, калі чуем іх сумную мелодыю з нагоды пахавання ці набажэнства за памерлых. Перадусім жа званы абвяшчаюць важныя і ўрачыстыя падзеі ў жыцці парафіі.

У традыцыі нашага народа званніца і касцёльныя званы заўсёды былі месцам асаблівай пашаны. Часта вызначалася спецыяльная асоба – званар, які меў дазвол, абавязак і прывілей званіць у касцёльныя званы. Кожная парафія старалася сабраць ахвяраванні, каб набыць і мець свае званы ў мясцовым касцёле або капліцы.

Як ведаем з гісторыі, у часе разнастайных войнаў, званы часта нішчыліся. Часам іх забіралі і як матэрыял выкарыстоўвалі на патрэбы вайны. Напрыклад, ксёндз Гжэгаж Каласоўскі, шматгадовы пробашч у Нясвіжы, прыгадваў, як у цяжкія часы Другой Сусветнай вайны нацысты пагражалі яму смерцю або турэмным зняволеннем, калі ён не перадасць ім касцёльныя званы. Таксама ў гады атэізму званы знішчаліся або забаранялася ў іх званіць. Дзякуем Богу, што ў нашыя часы мы можам свабодна пачуць голас касцёльных званоў, якія запрашаюць нас на малітву і праслаўленне Пана.

У літургіі Касцёла ёсць спецыяльная цырымонія пасвячэння званоў. Варта заўважыць, што Касцёл прывязвае да гэтага настолькі вялікую ўвагу, што дазваляе выконваць гэтую чыннасць толькі біскупам (гл. Inter Oecumenici, 77). Падчас спецыяльнага абраду пасвячэння званам надаюцца імёны святых апекуноў. Гэта падзея для ўсёй парафіі. Ведаем, што званы з’яўляюцца высілкам вялікай ахвярнасці парафіянаў, якія складваюцца, хто сколькі можа, каб іх набыць для ўласнага касцёла. Наяўнасць званоў і ўдзел у іх набыцці становіцца вялікай заслугай для кожнага парафіяніна. Бо такім чынам, праз набыты для касцёла звон, які заклікае людзей на сустрэчу з Богам, вернік прычыняецца да збаўлення ўсіх тых, хто на голас гэтага звону ступіць на шлях збаўлення.                 

Апавядаў адзін місіянер, які служыць сярод эскімосаў на далёкай поўначы, як ён прыехаў да іх узімку. Ён убачыў у касцёле печ з вялікі комінам, выведзеным высока над дахам, і прыгатаваныя дровы. Калі печ была напаленая і дым высока ўзносіўся над ваколіцай, людзі пачалі зыходзіцца да касцёла на набажэнства. Здалёк быў бачны дым і чутны яго пах як знак для мясцовых католікаў, што прыехаў місіянер-святар і будзе цэлебравацца святая Імша. Гэтая сітуацыя паказвае, як людзі паслугоўваюцца рознымі знакамі, каб засігналізаваць запрашэнне на малітву, у касцёл, на супольную цэлебрацыю і праслаўленне Пана. Ці будзе гэта дым з коміна, як у старадаўніх эскімосаў, ці гранне на бубне, ці біццё молатам аб шыну, ці рассылка смс-паведамленняў, ці нейкі іншы спосаб званення, як напрыклад сучасныя электронныя званы – усё гэта мае адну і тую ж галоўную мэту: нагадаць, што Бог чакае, што касцёл адчынены, што адбываецца нешта важнае, каб дапамагчы чалавеку на шляху збаўлення (гл. Sacrosanctum Concilium, 37).

Усведамленне значэння касцёльных званоў нараджае шматгранную культуру карыстання імі і дбання пра іх. Наяўнасць касцёльных званоў – гэта ў нейкім сэнсе абавязак парафіі. Таму заахвочваю вернікаў і душпастыраў, каб паклапаціліся пра выгляд і стан касцёльнай званніцы, аднаўленне і ўстанаўленне новых званоў у сваіх святынях. Важна, каб у парафіі была асоба адпаведна падрыхтаваная, якая паклапоціцца пра званы, будзе іх абслугоўваць, рамантаваць. У месцах, дзе ёсць такая патрэба, варта паклапаціцца, каб парафія аддзячвала за працу пастаяннага званара. Тое самае адносіцца да працы электрыка ці іншага майстра, які пастаянна абслугоўвае электронныя званы, каб яны добра функцыянавалі. Гэта будзе ахвярай парафіі, каб штодня ў адпаведную пару мелодыя званоў нагадвала ўсім пра Пана Бога. Будзем жа ўдзячныя і ахвярна паклапоцімся пра званы і асобаў, якія аб іх дбаюць.

Наша дыяцэзія рыхтуецца да стагоддзя яе ўстанаўлення. У межах падрыхтоўкі да гэтага значнага юбілею, заахвочваю ўсе парафіяльныя супольнасці на чале з душпастырамі, каб паклапаціліся аб аднаўленні святыняў і касцёльных званоў. Няхай гэты традыцыйны выраз нашай веры загучыць адноўленым голасам званоў ва ўсіх касцёлах і капліцах. Часам гэты звон можа стаць для некаторых імпульсам, каб знайсці дарогу да Касцёла. Ведаем, што ў сувязі з міграцыяй людзей у новыя месцы жыхарства і працы, часта нават веруючыя асобы губляюцца, ім цяжка знайсці святыню ў новым месцы. А голас звону можа ім дапамагчы, каб успомніць пра касцёл, знайсці яго ў кожным месцы жыхарства (гл. Sacrosanctum Concilium, 23).      

Калі парафія становіцца перад заданнем набыцця новых касцёльных званоў, разумеем, што яно патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Але калі ўсвядомім, сколькі духоўнага дабра атрымае парафія і ўся мясцовасць праз гэтыя званы, то варта пра іх старацца. Сколькі ж гісторыя ведае выпадкаў, калі голас касцёльнага звону выратаваў нейкую асобу ад самагубства, розных цяжкіх грахоў, нагадаў аб малітве за памерлых. Як моцна гэты гук адганяе злых духаў і звяртае думкі чалавека да Бога. Сколькі ж людзей ступіла на шлях збаўлення, пачалі маліцца, калі пачулі голас касцёльнага звону. Цяжка палічыць і назваць усе духоўныя даброты, якія зыходзяць на парафію праз гэты так важны традыцыйны спосаб яднання чалавека з Панам Богам.

Дарагія браты і сёстры! Летні перыяд для многіх веруючых людзей з’яляецца часам актыўнага ўдзелу ў разнастайных пілігрымках, рэкалекцыях, духоўных сустрэчах. Гэта важна і збавенна. Дадайма ж да гэтай актыўнасці таксама высілак, каб задбаць пра нашыя святыні, а таксама пра званніцы і касцёльныя званы. Адшукайма нашыя старыя званы, можа яны дзесьці захваліся. Іх вяртанне дазволіць выкарыстоўваць іх па прызначэнні згодна з воляй ахвярадаўцаў. Асабліва дапамагайма малым парафіяльным супольнасцям, якія маюць абмежаваныя магчымасці. Няхай салідарная дапамога іншых парафій будзе для іх падтрымкай у належным утрыманні касцёла, капліцы і званоў. Няхай кожная парафіяльная супольнасць добра выкарыстае гэты час, каб мы змаглі належна падрыхтавацца да стагоддзя Пінскай дыяцэзіі.     

На плённы перыяд летняга адпачынку, аднаўлення сілаў, а таксама духоўнага і фізічнага высілку няхай Добры Бог благаслаўляе.

+ Антоні Дзям’янка

       Біскуп Пінскі

Пінск, 20.05.2023 г.

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

27 мая 2023 г. нашую дыяцэзіяльную супольнасць як адну сям’ю збярэ вакол сябе Маці Божая Брэсцкая. Пан Бог у Сваёй вялікай міласэрнасці і прадбачлівасці пакінуў нам велічную выяву Багародзіцы як бачны знак Яго апекі.

Цудоўны абраз Маці Божай Брэсцкай вядомы з ХVІ ст. На ім прадстаўлена Найсвяцейшая Панна, схіленая ў малітоўнай паставе над Дзіцяткам Езусам. А праваруч Багародзіцы – св. Ян Хрысціцель, які ўглядаецца ў Божае Дзіцятка-Збаўцу. Гэты абраз нагадвае нам знакамітую выяву Маці Божай з рымскай базылікі Sancta Maria Maggiorе. Яго гісторыя звязвае нас і з Папам Клеменсам VІІІ, і з каралевай Бонай Сфорцай, а перадусім  — з вялікай гісторыяй Касцёла ў горадзе Брэсце. Як ведаем, да ХІХ ст. гэтая цудоўная выява Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзілася ў старадаўнім бернардынскім касцёле. Калі ў 1856 годзе быў узнесены сучасны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў новым цэнтры горада Брэста, замест аднайменнага касцёла з часоў вялікага князя Вітаўта, абраз Маці Божай Брэсцкай заняў сваё пачэснае месца ў новай святыні.

Нягледзячы на драматычныя падзеі ХХ ст., войны і атэістычны пераслед, руплівыя брэсцкія каталікі захавалі падораную ім Божым Провідам выяву Найсвяцейшай Панны. У 1990-м годзе яна вярнулася ў адноўлены касцёл  Узвышэння Святога Крыжа. А ў 1996 г. абраз Маці Божай Брэсцкай быў увенчаны папскімі каронамі як першы сярод цудоўных выяваў у найноўшай гісторыі Касцёла ў Беларусі.

Сёлетнія ўрачыстасці, якія мы будзем перажываць з удзелам Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне – Арцыбіскупа Антэ Ёзіча – няхай стануць для нас нагодай да таго, каб падзякаваць за ўсе ласкі Добраму Богу і Найсвяцейшай Дзеве, якую ў Брэсцкай выяве ўшаноўваем як “Маці Выратавальніцу”. Няхай у гэты дзень перад алтаром Маці Божай Брэсцкай не спыняюцца малітвы падзякі і праслаўлення Пана Бога за Яго апеку і благаслаўленне.

Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваныя асобы і свецкіх вернікаў з нашых парафій прыняць удзел ва ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай, каб даверыць Яе матчынай апецы ўсе супольнасці і сем’і нашай Пінскай дыяцэзіі, якая, перажываючы Год Надзеі, рыхтуецца да радаснага юбілею 100-годдзя яе заснавання. Няхай нашая сумесная малітва перад выявай Маці Божай Брэсцк ай яшчэ больш умацуе нас у веры, надзеі і любові.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі  

Пінск, 20 мая 2023 г.

Санктуарый у Лагішыне сабраў пілігрымаў з Пінскай дыяцэзіі

8 мая адбылася ўжо XXVIII традыцыйная аднадзённая пешая пілігрымка з Пінска да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Штогадовыя паломніцтвы з Пінскай катэдры да іконы Маці Божай у Лагішыне аднавіліся на пачатку 1990-х гадоў. Пілігрымаванне менавіта ў месяцы маі звязана з памяццю аб знакавай падзеі для ўсё Пінскай дыяцэзіі: 10 мая 1997 г. кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў Лагішынскую выяву Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках адмысловымі каронамі, якія Папа Ян Павел ІІ асвяціў і ўпаўнаважыў кардынала ад яго імя здзейсніць акт ушанавання Багародзіцы. Тады ж афіцыйна быў зацверджаны тытул Маці Божай у лагішынскай выяве як Каралевы Палесся і Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Сёлетняя пешая майская пілігрымка сабрала больш за паўтары сотні паломнікаў не толькі з парафій горада Пінска, але таксама вернікаў з іншых мясцовасцей Пінскай дыяцэзіі: з Гомеля, Брэста, Жлобіна, Мазыра, Баранавічаў, Петрыкава і інш. Сваёй прысутнасцю, малітвай і дапамогай пілігрымку ўзбагацілі семінарысты прэпедэўтычнага курса Духоўнай семінарыі на чале з ксяндзом Паўлам Эйсмантам. У дарозе пілігрымаў вельмі гасцінна віталі вернікі парафіі святой Ганны ў в. Крыўчыцы.

Святую Імшу на завяршэнне пілігрымкі ў санктруарыі Маці Божай у Лагішыне ўзначаліў  Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з біскупам літургію цэлебраваў архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі. Гамілію да сабраных прамовіў айцец Леанард Адушкевіч OSPPE, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсв. Панны Марыі ў Гомелі. Святар нагадаў усім сабраным пра тое, што ў гэтым годзе лагішынскі касцёл-санктуарый адзначае 110-годдзе з дня яго асвячэння. Айцец Леанард заахвоціў сабраных з дапамогай малітвы да Маці Божай Марыі паглыбляць дары вынікаючыя з прынятага сакрамэнту святога хросту, а таксама быць сведкамі Божай любові ў сучасным свеце. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі і кусташ санктуарыя, ксёндз Андрэй Шут, запрасіў усіх пілігрымаў на традыцыйныя летнія паломніцтвы да Маці Божай Лагішынскай з Баранавічаў і Бярозы, якія ў гэтым годзе запланаваныя на 8 — 11 жніўня. Фэст Каралевы Палесся сёлета запланаваны на 11-12 жніўня.