Велікоднае віншаванне Біскупа Антонія Дзям’янка

“Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста,

які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас

да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста”

(1 Пётр, 1, 3)

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

Гэтае хрысціянскае пасхальнае прывітанне выражае вялікую радасць і надзею кожнага веруючага чалавека. Яго ўвасабленнем з’яўляецца паўсталы з мёртвых Сын Божы – Збавіцель свету. 

З нагоды святкавання Хрыстовага Уваскрасення складаю сардэчныя пажаданні радасці жыцця, нязломнай надзеі і бясконцай моцы ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць перад намі Божы Провід. Зычу няспыннага досведу прысутнасці Змёртвыхпаўсталага Хрыста ў кожнай справе і кожным спатканні.

Вялікдзень адкрывае перад намі таямніцу Божай Міласэрнасці. Яна дазваляе спазнаваць паўнату ласкі, якая — па словах Папы Францішка — “можа перамяніць сэрца чалавека і ўчыніць яго здольным да вялікіх справаў”.

Таямніца Пасхі нагадвае нам аб перамозе святла, дабра і жыцця. Жадаю кожнаму з Вас моцнага здароўя душы і цела, пасхальнага аптымізму ў кожнай справе і ў кожным спатканні. Няхай святкаванне Вялікадня дапаможа набрацца новых сілаў да пераадолення ўсялякіх цяжкасцяў і напоўніць нязломным даверам да Божай Моцы і Мудрасці, дзякуючы якой можам адважна глядзець у будучыню.

З велікоднымі віншаваннямі і пасхальным благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, Вялікдзень, 2021 г.

Новыя прызначэнні ў Пінскай дыяцэзіі

Паводле рашэння Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка, з 30 сакавіка 2021 г. у Пінскай дыяцэзіі адбыліся наступныя змены ў пастырскім служэнні некаторых святароў:

  1. Ксёндз Антоні Анціпенка прызначаны віцэ-дэканам Брэсцкага дэканату.
  2. Ксёндз Павел Мазан прызначаны намеснікам дырэктара дабрачыннай місіі “Карытас” Пінскай дыяцэзіі, а таксама натарыусам Курыі Пінскай дыяцэзіі.
  3. Ксёндз Ян Саламон звольнены з пасады дэкана Ляхавіцкага дэканату.
  4. Ксёндз Вінцэнт Сяўрук прызначаны новым дэканам Ляхавіцкага дэканату.
  5. Ксёндз Тадэвуш Саморэк звольнены з пасады дэкана Гомельскага дэканату.
  6. Айцец Леанард Адушкевіч OSPPE прызначаны новым дэканам Гомельскага дэканату.