Зварот біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі пост

«Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Мы распачынаем Вялікі пост у 2021 годзе. У нашым жыцці гэта чарговы час, калі мы можам наблізіцца да Хрыста, заглыбляючыся ў тое, што найважнейшае для нашага збаўлення — у таямніцу Мукі, смерці і Уваскрасення Езуса.

Пра што нельга забывацца, распачынаючы Вялікі пост?

Пра тое, што заўсёды прыходзіць на думку, калі мы перажываем гэты літургічны перыяд: Крыжовы шлях, велікапосныя рэкалекцыі, перажыванне кожнай пятніцы як дня ўспаміну Мукі і смерці нашага Адкупіцеля. Гэта вядомыя нам пабожныя практыкі. Але сёлета мы іх перажываем у асаблівым кантэксце. Гэта складаны час для нас і для ўсяго свету. Гэты час паказвае нам нашую людскую абмежаванасць, бездапаможнасць, чалавечае цярпенне, нарэшце — смерць.

Разам з тым гэта час, які дае нам магчымасць лепш зразумець словы святой Тэрэзы ад Езуса: «Не турбуйся, не бойся — Бога дастаткова» (пар. таксама 2 Кар 12, 9). Дастаткова Езуса Хрыста. Перажыванні нашага часу дапаўняюць гэтае пасланне: Ён Бог, які спазнаў, што значыць быць слабым чалавекам. Ён так палюбіў свет, так любіць кожнага чалавека, што прайшоў праз брамы цярпення і смерці. Ён прайшоў усё гэта, каб перамагчы смерць. Усё дзеля таго, каб апошняе слова належала жыццю. Дзеля таго, каб мы жылі (пар. Флп 2, 6–11). Бога сапраўды дастаткова.

Кожны раз, калі Езус здзяйсняў цуд, Ён паказваў, кім ёсць. Ён загадваў вучням і сведкам захаваць маўчанне пра ўсё ажно да завяршэння Ягонай місіі на зямлі.

Такім чынам Ён паказаў на вельмі важны элемент гэтай місіі — суцішэнне.

Не дзіўна, што да непасрэднага выканнання сваёй місіі Хрыстус рыхтаваўся, посцячы ў цішыні пустыні на працягу сарака дзён. Так Ён паказвае нам і на Вялікі пост як на асаблівы час суцішэння не толькі ў літургічным годзе, але і ва ўсім нашым хрысціянскім жыцці.

Цяпер мы ў чарговы раз уваходзім у гэты час. Што мы можам зрабіць, каб ён унёс нешта асаблівае і новае ў гэты год, а тым самым дапамог з кожным наступным годам адкрываць усцяж новыя духоўныя перспектывы? Падчас Вялікага посту неабходна паглыбіцца ў Бога. Выпусціць з рук усё, што, як нам здаецца, трымае нас пры жыцці і напаўняе яго нейкім сэнсам. Насамрэч яно часта засланяе ад нас Бога. Таму кіраванне нашым жыццём неабходна перадаць Хрысту.

Езуса дастаткова. Няхай гэтая думка дапаможа нам увайсці ў святы час посту і няхай яму спадарожнічае.

Няхай гэты час дапаможа нам глыбей адкрыць тое, што коратка выразіў святы Ян Апостал, кажучы пра Бога, аб’яўленага ў Хрысце Збавіцелю: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16).

На час Вялікага Посту з сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі

Пінск, 15 лютага 2021 г.

Адышоў у вечнасць ксёндз Юзаф Войда SChr, будаўнік касцёла ў Ганцавічах

Курыя Пінскай дыяцэзіі і супольнасць Таварыства Хрыста ў Беларусі са смуткам паведамляюць, што 6 лютага ў Польшчы на 92-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Юзаф Войда, хрыстусовец.

З 1993 па 2007 гады святар быў першым у пасляваенны час пробашчам каталіцкай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганцавічах, дзе яго намаганнямі быў пабудаваны касцёл. Акрамя таго, ксёндз Юзаф за сваё доўга святарскае жыццё ў харызме Таварыства Хрыста нёс служэнне ў сябе на радзіме ў Польшчы, а таксама ў розных краінах, сярод якіх ЗША, Аўстралія, Кот-д’Івуар, Марока, Ірак, Венгрыя, Казахстан і Украіна.

Абрады развітання з ксяндзом Юзафам Войдам SChr распачнуцца 8 лютага, а пахаванне спачылага святара адбудзецца 9 лютага ў Лапушне (Польшча).

У Мазыры аднаўляецца адзін з найстарэйшых касцёлаў

3 лютага ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Мазыры ўпершыню за паўтара стагоддзя адбылася святая Імша з удзелам духавенства і вернікаў. Набажэнства было прымеркавана да 310-й гадавіны пасвячэння касцёла.

Гэтая святыня разам з яшчэ двума касцёламі — найстарэйшыя захаваныя пабудовы ў Мазыры. З былых шасці касцёлаў горада захавалася тры. Адзін з касцёлаў — Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — быў адноўлены на пачатку 1990-х гадоў і з таго часу служыць парафіяльнай святыняй. Другі (пабэрнардынскі) выкарыстоўваецца як праваслаўны кафедральны сабор.

Трэці захаваны касцёл — Узвышэння Святога Крыжа — дачакаўся пачатку аднаўлення толькі ў 2019 г.

Пасля інтэнсіўных прац па ўпарадкаванні тэрыторыі і рэгістрацыі адроджанай парафіі пра гэтым касцёле ў 2020 г. стала магчымым аднаўленне таксама набажэнстваў у адаптаванай капліцы ў кляштарных прыкасцёльных памяшканнях.

Урачыстасць з нагоды першай святой Імшы непасрэдна ў касцёле ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Канцэлебравала Эўхарыстыю мясцовае духавенства: дэкан Мазырскі кс. Віталій Мысонаў, пробашч парафіі кс. Аляксандр Канановіч, святары з суседніх парафій. Гамілію прамовіў канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка. Старадаўнія сцены касцёла зноў напоўніліся спевамі і малітвамі вернікаў не толькі з трох адроджаных мазырскіх парафій, але і з іншых мясцовасцяў Пінскай дыяцэзіі.

На пачатку літургіі біскуп Антоні звярнуўся да вернікаў з адмысловым уступным словам. Іерарх нагадаў сабраным велічную і драматычную гісторыю Касцёла ў Мазыры, імёны святароў, якія там служылі, і заахвоціў да малітвы за памерлых вернікаў, кансэкраваных асобаў і духавенства.

«Сёння, у 310-ю гадавіну пасвячэння касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Мазыры, мы сабраліся на першую ў гэтай святыні святую Імшу пасля доўгага перыяду запусцення і знеслаўлення гэтага месца, — сказаў іерарх. —

Узгадваем і агортваем удзячнай малітвай усіх тых вернікаў, якія будавалі гэты касцёл і цяпер клапоцяцца аб яго адраджэнні».

Біскуп выказаў падзяку дзяржаўным уладам, прыватным арганізацыям і ўсім неабыякавым асобам, якія «прычыніліся да вялікай справы адраджэння духоўнай спадчыны ў Анёльскай даліне Мазыра». Асаблівыя словы ўдзячнасці ён адрасаваў былому шматгадоваму пробашчу мазырскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Юзафу Дзяконскаму, а таксама ўсім душпастырам, якія «з не меншай ахвярнасцю працягваюць справу сваіх папярэднікаў».

Таксама іерарх выказаў удзячнасць Богу «за натхненне і сілы, якімі Ён надзяляе вернікаў парафіі», сярод іх асабліва падзякаваўшы Аляксандру Баранаву і кс. Віталію Мысонаву, які паходзіць з гэтай парафіі.

«Сёння, у дзень святога Блажэя, адданага душпастыра і мучаніка, молімся да міласэрнага Бога аб благаслаўленні для Касцёла ў Мазыры, аб аднаўленні гістарычных святынь і аб пабудове новых у новых мікрараёнах горада.Няхай добры Бог спрыяе нам у справе аднаўлення духоўнага жыцця, а Маці Божая Юравіцкая, Апякунка Мазыршчыны, выпрошвае ў Бога неабходныя ласкі», — дадаў пастыр Пінскай дыяцэзіі.

На заканчэнне Імшы біскуп падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і благаславіў мазырскіх вернікаў на далейшую працу па адраджэнні іх гістарычнай святыні.

Паводле catholic.by