Камунікат Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на пачатак катэхетычнага года 2020/2021

Featured

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

Працэсы, якія адбываюцца ў сучаснай цывілізацыі, з’яўляюцца выклікам для Касцёла, ставяць перад ім шэраг пытанняў адносна спосабаў перадачы веры і мовы гэтага пераказу. Гэтыя праблемы змяшчаюць таксама пытанні аб ролі і месцы катэхета ў выхаванні дзяцей і моладзі. Адказы на гэтыя пытанні мы знойдзем у дакументах Касцёла, якія адназначна кажуць пра адказнасць Касцёла, г. зн. усёй хрысціянскай супольнасці, за выхаванне ў веры маладога пакалення (гл. DOK 220). Яны нагадваюць бацькам, што яны з’яўляюцца першымі настаўнікамі веры сваіх дзяцей, іх першымі выхаваўцамі, а адначасова сведкамі веры (гл. DOK 255).

          Пасля Сабору навучанне Касцёла падкрэслівае значэнне парафіі як важнага асяродка, у якім нараджаецца і ўзрастае вера, іў якім чалавек можа здабыць досвед веры (гл. DOK 257). А катэхетычныя заняткі без выразнай і актыўнай падтрымкі сям’і і парафіі не ў стане на належным узроўні забяспечыць хрысціянскае выхаванне.

           Св. Яна Павел ІІ у аўтабіяграфічнай кнізе “Пераступіць парог надзеі” наступным чынам гаворыць пра значэнне маладосці: “Маладосць – гэта не толькі пэўны перыяд чалавечага жыцця, які адпавядае вызначанай колькасці гадоў, але гэта час дадзены кожнаму чалавеку і адначасова зададзены яму Провідам. У гэты час ён шукае адказу да асноўныя пытанні, як юнак з Евангелля; шукае не толькі сэнсу жыцця, але шукае канкрэтны праект, паводле якога гэтае сваё жыццё мае пачаць будаваць. І гэта найбльш істотная рыса маладосці. Кожны выхаваўца, пачынаючы ад бацькоў, а таксама кожны душпастыр, павінен добра пазнаць гэтую рысу і павінен умець ідэнтыфікаваць яго ў кожным хлопцу і дзяўчыне; скажу яшчэ больш: павінен палюбіць тое, што істотнае для маладосці. У кожную эпоху жыцця чалавек жадае быць прыняты, жадае знаходзіць любоў. У гэтую эпоху жадае гэтага асабліва, пры чым гэтая афірмацыя не можа быць прыняццем усяго без выключэння. Моладзь зусім гэтага не хоча. Яна жадае таксама, каб яе папраўлялі, жадае, каб ёй казалі “так” або “не”.

          На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў мы не пераставалі звяртацца ў малітве-спеве да Маці Збавіцеля: “Мы хочам Бога, Дзева Маці! Сваіх дзяцей паслухай зоў. Мы хочам Бога праслаўляці, Яму аддаць жыццё і кроў… Хай будзе Бог у кніжцы, ў школе, у адпачынку, ў працы дня…”.

          Дарагія бацькі! Мы хочам падзякаваць вам за ваш клопат аб тым, каб прыводзіць дзяцей на катэхезы. Будзем жа ўсе разам адно для аднаго падтрымкай і супрацоўнікамі ў працэсе выхавання. Гармонія сумесных намаганняў з боку бацькоў, школы і Касцёла напэўна прынясе станоўчыя вынікі ў фарміраванні маладога пакалення ў духу веры. Паклапаціцеся, каб у вашых дамах, там, дзе вашыя дзеці працуюць над хатнімі заданнямі, быў святы абразок і крыж. Гэта заўсёды будзе нагадваць дзецям аб паўсюднай Божай прысутнасці.

          Св. Ян Павел ІІ падчас адной з пілігрымак выказаў знамянальныя словы: “Дарагія бацькі! Вы добра ведаеце, што няпроста ў сённяшнія часы стварыць хрысціянскія ўмовы неабходныя для выхавання дзяцей. Вы павінны зрабіць усё, каб Бог быў прысутны і шанаваны ў вашых сем’ях. Не забывайце пра штодзённую супольную малітву, асабліва вечарам; пра святкаванне нядзелі і ўдзел у нядзельнай св. Імшы. Вы зхяўляецеся для сваіх дзяцей першымі настаўнікамі малітвы і хрысціянскіх цнотаў, і ніхто вас у гэтым не можа замяніць. Захоўвайце рэлігійныя звычаі і клапаціцеся аб хрысціянскай традыцыі, вучыце сваіх дзяцей пашаны да кожнага чалавека. Няхай вашым найбольшым жаданнем будзе выхаванне маладога пакалення ў лучнасці з Хрыстом і Касцёлам. Толькі такім чынам вы захаваеце вернасць вашаму бацькоўскаму пакліканню духоўным патрэбам вашых дзяцей”.

          Дарагая моладзь! Молімся за вас і просім вас: застаньцеся вернымі ідэалам Евангелля! Няхай удзел у катэхезах дапаможа вам узрастаць да паўнаты чалавечнасці паводле ўзору “дасканалага Чалавека” – Езуса Хрыста.

          Дарагія дзеці! Вы скарб вашых любых бацькоў. Старайцеся прыносіць ім радасць і суцяшэнне ў клопатах, якія яны перажываюць намагаючыся з вялікім пасвячэннем забяспечыць вам утрыманне, адукацыю і выхаванне, каб вы сталі шляхетнымі людзьмі. Ахвоча старайцеся здабываць веды і ўменне імі карыстацца.

          Дарагія катэхеты! Дзякую вам за ўсе намаганні ў фарміраванні маладога пакалення паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Дабро маладога пакалення няхай будзе клопатам вашага жыцця і вашай працы.

          Усіх вас даручаю заступніцтву Маці Божай і давяраю Езусу Хрысту вялікую справу выхавання, бо Ён мае паўнату жыцця і заўсёды прысутнічае ў Касцёле і свеце.

          З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі

             

         

        

   

         

    

    

       

        

       

      

        

У Лагішыне адбыліся ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай — Каралевы Палесся

21-22 жніўня ў Лагішыне каля Пінска адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай Каралевы Палесся, Галоўнай апякункі Пінскай дыяцэзіі.

У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй у краіне, сёлета ў лагішынскі санктуарый не ладзіліся традыцыйныя арганізаваныя масавыя пешыя пілігрымкі. Аднак, 21 жніўня, у вігілію ўрачыстасці Маці Божай Лагішынскай, да цудадзейнай іконы Каралевы Палесся ўсё ж прыйшлі пешыя пілігрымы, якія прайшлі паломніцкі шлях індывідуальна, сем’ямі ці невялікімі сяброўскімі малітоўнымі групамі.

Вігілійную святую Імшу перад абразом Маці Божай Лагішынскай цэлебраваў для сабраных вернікаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў кіравацца ў сваім хрысціянскім жыцці прыкладам Панны Марыі – вернай слугі Бога, якая трывала ў няспыннай малітве сярод звычайных штодзённых клопатаў  і ў складаныя моманты свайго зямнога жыцця.

Цэнтральныя ўрачыстасці ў санктуарыі адбыліся 22 жніўня з удзелам вернікаў і святароў не толькі з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі, але таксама з іншых рэгіёнаў Беларусі. Урачыстую св. Імшу на палявым алтары перад копіяй іконы Каралевы Палесся ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да сабраных, біскуп Юзаф заахвоціў да малітвы за сем’і, каб яны ўзрасталі ў веры па прыкладу святой Сям’і з Назарэту. Таксама іерарх заклікаў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

На заканчэнне ўрачыстай літургіі ўсе сабраныя павіншавалі біскупа Казіміра Велікасельца з юбілеем 75 год жыцця. А біскуп Юзаф звярнуў увагу вернікаў, што наведванне санктуарыя – гэта наведванне школы Марыі, дзе ад Яе вучымся веры і малітвы. Іерарх падзякаваў Нябеснай Маці за Яе нястомную апеку над Касцёлам, а таксама праз адмысловы спеў старадаўняй народнай песні падзякаваў кожнай маці за дар жыцця і веры, які яны перадаюць сваім дзецям.

Біскуп Антоні Дзям’янка, які не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, звярнуўся са спецыяльным пасланнем да сабраных у санктуарыі святароў Пінскай дыяцэзіі, якім падзякаваў ім за ахвярнае і самаадданае служэнне Касцёлу на Палессі і даручыў іх, а таксама ўсіх вернікаў асаблівай апецы Маці Божай Лагішынскай. 

У Драгічыне адбыўся фэст у гонар Маці Божай Каралевы

22 жніўня парафія ў Драгічыне (Пінская дыяцэзія) адзначыла патранальную ўрачыстасць Маці Божай Каралевы. Парафіяльны фэст наведаў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Разам з ім урачыстую св. Імшу цэлебраваў канцлер Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка і пробашч парафіі кс. Павел Кручэк. Вернікі прывіталі біскупа Казіміра з асаблівым энтузіязмам, бо дзякуючы яго падтрымцы і старанням яны змаглі пабудаваць новую парафіяльную святыню, у якой ужо пяты год моляцца. Таксама ўсе сабраныя павіншавалі іерарха з 75-годдзем жыцця, запэўніваючы яго ў пастаяннай малітоўнай падтрымцы.

Пдачас гаміліі біскуп Казімір заахвоціў бацькоў, каб прыклалі асаблівыя намаганні ў выхаванні дзяцей у духу жывой веры. Іерарх прыгадаў прыклад св. Яна Паўла ІІ, якому прысвечаны сёлетні душпастрыскі год у сувязі са 100-годдзем з дня яго нараджэння. Біскуп Казімір звярнуў увагу на прыклад і ролю роднага бацькі Яна Паўла, які яму з маленства даваў асабісты прыклад штодзённай малітвы, гарачай веры і адданасці Маці Божай.

На заканчэнне ўрачыстай літургіі, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, усе сабраныя на чале з біскупам памаліліся праз заступніцтва Маці Божай Каралевы аб умацаванні веры ў сем’ях, а таксама аб Божым благаслаўленні для Беларусі.       

Ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка да святароў сабраных у санктуарыі Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся 22 жніўня 2020 г.

 

Дарагія святары! Вітаю вас у доме Маці, Маці Божага Сына, Маці Святога Касцёла, Маці кожнага з нас. Бо кожны з нас можа ўбачыць сябе пад крыжам і да сябе аднесці словы Пана Езуса, скіраваныя з крыжа да св. Яна: “Сыне, гэта Маці твая”. Кожны з нас перажывае такую гадзіну ў сваім жыцці, калі больш ці менш свядома “ўзяў Яе да сябе”. Кожны з нас мае таксама досвед Каны Галілейскай, дзякуючы якому дазнаў у сваім жыцці асаблівай матчынай апекі і дапамогі. Кожны з нас мог і можа ў складанай сітуацыі пачуць, як Яна паказвае на Езуса і раіць нам: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.

І сёння прыходзім да яе мы, святары. Прыходзім да нашага дыяцэзіяльнага дома Маці, якім з’яўляецца лагішынскі санктуарый. Прыходзім з нашымі праблемамі і сумненнямі. Прыходзім па параду. У ларэтанскай літаніі маем заклікі: “Маці добрай рады” і “Сталіца мудрасці”. Можа менавіта цяпер нам патрэбны гэты аспект Яе дапамогі: мудрасць і добрая рада. Можа менавіта тут і цяпер.

Гэтыя парады і мудрасць будуць простыя, але адначсова выплываючыя з сэрца і трапляючыя ў сэрца. Але ці ж не такія парады і такая мудрасць нам патрэбныя? Ці ж не патрэбны асаблівы досвед любові, якая ўсцяж застаецца першай і найважнейшай запаведдзю? Марыя ў сваёй геніяльнай прастаце вучыць нас перадусім любіць і думаць сэрцам. Як кажа Адам Міцкевіч: “май сэрца і глядзі ў сэрца”. Ці ж не тое самае казаў у важную для Касцёла хвіліну перад выбарам Папы ў 2005 г. кард. Ратцынгер: “Што застанецца пасля нас? Грошы? Не. Кнігі? Хіба таксама не. Хвіліны, калі мы любілі. Усмешка, добрае слова, жэст”. Ці ж не гэтаму вучыць цяперашні Святы Айцец кажучы пра тры словы, якія чыняць сапраўдную перамену жыцця: “прашу, дзякую, перапрашаю”. Найбольшыя перамены адбываюцца ў прастаце сэрца. Марыя вучыць нас гэтаму найлепей.

Бог не прыходзіць у землятрусе, але ў лагодным павеве ветру. Марыя вучыць нас быць адчувальнымі на гэты павеў. Яго адчуваем не толькі ў вялікіх хвілінах жыцця, але і ў штодзённасці. “У Ім жывем, рухаемся і прабываем”.

Дарагія святары! У гэтым святым месцы будзем жа старацца пачарпнуць як найбольш сіл для нашага служэння. Углядаючыся ў аблічча Марыі, будзем жа вучыцца жыць так як Яна. Бо Яна — адна з нас, чалавек. Праўда, адрознівае нас факт Яе беззаганнага зачацця, але Марыя не ўсведамляла гэты факт. А Яе ўнебаўзяцце – гэта ўзнагарода ўжо пасля завяршэння зямнога жыцця. Мы маем вялікія магчымасці жыць марыйным стылем жыцця:  бязмежна давяраць Богу, заўважаць Яго прысутнасць у штодзённасці і перадусім успрымаць святарства як выбар з боку Бога і запрашэнне да Яго служэння. Марыя, чуючы словы звеставання, не сядае на трон. Яна славіць Бога сваім “Магніфікат”, але гэта адбываецца ўжо ў Альжбеты, да якой бяжыць, каб служыць, успрымаючы інфармацыю ад Габрыэля як выклік для сябе. Гэты дух служэння я бачу і ў вас. Не самаўзвышэння, але служэння. За гэтую паставу вельмі вам дзякую. Яна з’яўляецца доказам таго, што, пазнаючы Бога, разумеем Яго логіку любові, і паводле гэтай логікі будуем нашу іерахію каштоўнасцей. Паводле яе, а не па-за ёю.

Такую паставу  на гераічным узроўні мы знаходзім у нашага першага біскупа Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Ён умеў знаходзіць Бога ў штодзённасці і ў сваёй штодзённасці Ім і з Ім жыць. Ён умеў служыць. Быў добрым і кемлівым вучнем у школе Марыі. Гэтае месца нагадвае нам яго асобу і заклікае нас да малітвы аб цудзе неабходным для яго беатыфікацыі. Гэтае месца нагадвае нам пра асобу яшчэ аднаго святара і мясцовага пробашча, які звязаў сваё жыццё з біскупам Лазінскім – кс. Яна Зею. Слуга Божы запрасіў яго ў сваю дыяцэзію не баючыся евангельскага радыкалізму, які ён прэзентаваў, бо сам быў настолькі ж радыкальны. Іх супольнай справай быў цудоўна функцыянуючы “Карытас” Пінскай дыяцэзіі. Гэта было магчымым менавіта дзякуючы ўрокам вынесеным з марыйнай школы святарскага жыцця. Будзем жа і мы тут вучыцца, ад Яе: як жыць, як быць добрым чалавекам і святаром у часы несумненна складаныя, у якія адбываецца перамена жыццёвых каштоўнасцяў, якія ставяць перад намі іншыя прыярытэты. Аднак, Езус застаецца той самы ўчора, сёння і навекі. А Марыя ўсцяж паказвае нам на Яго, кажучы: “зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.

Дзякую вам за вашае служэнне і з усяго сэрца благаслаўляю.     

 

                                                                         + Антоні Дзям’янка

                                                                               Біскуп Пінскі

       Пінск, 21 жніўня 2020 г.