Прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Сцяпана Цэргеля SVD адбылося ў Баранавічах

18 красавіка падчас урачыстай святой Імшы ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах біскуп Пінскі Антоні Дзямֹ’янка ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану Сцяпану Цэргелю SVD.

Сцяпан Цергель нарадзіўся ў Іркуцку, належыць да супольнасці Місіянераў Божага Слова. Два гады правёў на місіях у Папуа Новай Гвінеі, выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Паступіць у супольнасць Місіянераў Божага Слова (вербістаў) Сцяпан Цергель вырашыў да моманту заканчэння сярэдняй школы. Затым ён прайшоў пастулат у Нысе і навіцыят у Хлюдаве (Польшча), паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу.

У 2016 г., калі настаяцель а. Якуб Блашчышын прапанаваў яму магчымасць паехаць на місіянерскую практыку, малады чалавек захацеў накіравацца ў англамоўную краіну, якая знаходзілася б не ў Еўропе, і такім чынам паехаў у Папуа Новую Гвінею, адну з першых місій айцоў вербістаў.

Падчас Імшы, на якой адбылося пасвячэнне, біскуп Антоні Дзям’янка звярнуўся да будучага прэзбітэра з наступнымі словамі гаміліі:

«Дарагі Брат, прыкладвай часта свае рукі да прабітых рук Езуса, да боку Хрыста, да Яго сэрца».

Біскуп заўважыў, што «святарскае служэнне ў нашыя часы становіцца асабліва складаным, таму што сучасны чалавек апынуўся ў такіх жыццёвых умовах, якія часта чыняць яго няздольным адкрыцца на Бога і на рэлігію», «знікае пашана і боязнь да таго, што святое ў чалавеку». Таму «святар ніколі не павінен быць абыякавым да граху».

Пастыр Пінскай дыяцэзіі заахвоціў будучага прэзбітэра памятаць пра любоў Хрыста. «Любоў па прыкладзе Хрыста павінна быць метадам, мэтай і сэнсам твайго святарскага служэння і жыцця. Але такую любоў нельга спалучыць з грахом, нянавісцю, пошукам уласнай выгады», — адзначыў ён.

«Абвяшчаць Евангелле — гэта дапамагаць людзям паверыць, што Езус з’яўляецца Панам і Збаўцам. Удзяляць святыя сакрамэнты — гэта будаваць жывое Цела Хрыста.

Але гэта можна рабіць толькі з дапамогай Духа Святога. Таму святар, як і кожны свецкі вернік, павінен сябраваць са Святым Духам праз рэгулярную малітву»,

— нагадаў таксама іерарх.

«Без паслухмянасці Хрыста не было б Яго пасхальнай ахвяры. Без тваёй паслухмянасці не будзе ахвяры, прыемнай Богу. А людзям будзе патрэбная твая ахвяра. Складзеная дзеля Бога, яна ніколі не будзе безвыніковай і пустой. Выражэннем ахвяры стане клопат аб захаванні дасканалай чысціні, якую ты абяцаеш, — дадаў біскуп. — Калі хочаш прыносіць плён і перамагаць шатана, найперш мусіш навучыцца штодня перамагаць сябе. (…) Ты, як святар, павядзеш маладых людзей, сем’і, навучаючы іх захоўваць чысціню і панаваць над сабою. Без гэтага проста няма развіцця любові».

Біскуп адзначыў, што выклікам для святара з’яўляецца самотнасць. Аднак «трэба палюбіць самотнасць, а дапаможа ў гэтым глыбокая сувязь з Богам», праз якую «святар становіцца блізкім і карысным для людзей».

Іерарх падкрэсліў, што «святарства — гэта служэнне», таму «святар павінен заўважаць галодных, прагнучых, пакрыўджаных і вязняў», «знайсці час і добрае слова для хворых, для людзей адзінокіх і пакінутых дзяцей».

Кажучы пра цэлебрацыю літургіі, біскуп звярнуў увагу, што «хрысціянскі культ і супольную малітву трэба ажыццяўляць такім чынам, каб яны станавіліся сведчаннем, спосабам фармавання веры і сапраўдным праслаўленнем Бога». «Добра рыхтуйся да літургіі і насычай людзей тым, чым будзеш жыць сам.

Памятай аб годным выкананні паслугі Слова. Разважай падчас малітвы над тым, што будзеш казаць сваім слухачам»,

— параіў ён.

Біскуп назваў святарства дарам, які «перавышае чалавека, а разам з тым робіць яго больш высакародным, заахвочвае да роздумаў і высілкаў дзеля дасягнення высокай мэты». «Будуць цяжкасці, але не бойся іх. Калі зразумееш, чым ёсць святарства, не будзеш адзінокім. З табою побач будзе Бог і будуць людзі», — заахвоціў іерарх будучага прэзбітэра.

Велікоднае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

Віншаванні з Вялікаднем кіруе вернікам біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі» (1 Кар 15, 20)

Дарагія браты і сёстры!

«Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» — гэтым традыцыйным прывітаннем спяшаемся падзяліцца, выказваючы велікодныя віншаванні. Таямніца Уваскрасення Езуса Хрыста цалкам змяніла і надалей змяняе лёсы чалавека і свету. Яна прыносіць упэўненасць у трыумфе сапраўднай любові, якая перамагла смерць і ўсім людзям адкрыла перспектыву новай надзеі.

Свята Уваскрасення Пана Езуса для кожнага з нас — гэта час радасці і сустрэчы нашых сэрцаў з жывым Хрыстом, які перамог смерць і грэх.

Раздзяляючы з вамі гэтую радасць, жадаю, каб святочныя дні і далейшае ваша жыццё было напоўнена трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам Пасхі і Любові. Няхай уваскрослы Хрыстус будзе для вас крыніцай надзеі, радасці і моцы, якія дапамогуць пераадолець усе цяжкасці штодзённага жыцця.

Жадаю, каб гэта вялікая праўда аб Уваскрасенні Езуса Хрыста ніколі не была заслонена нават вялікімі зямнымі крызісамі, катаклізмамі і клопатамі. Будзем радавацца кожнай хвілінай, якую дорыць нам Той, які стварыў неба і зямлю. Няхай радасць расцвіце ў нашых сэрцах як веснавыя галінкі вярбы, каб мы маглі дзяліцца ёю з нашымі блізкімі асобамі.

Божае Слова адкрывае перад намі сэнс балючых падзей, якія прывялі да Мукі і Смерці Езуса. Разважанне над таямніцай Хрыстовых мучэнняў за нашы грахі дазваляе нам пераасэнсаваць значэнне цяжкіх выпадкаў і сітуацый як у асабістым жыцці, так і ў жыцці Касцёла і свету.

Асабліва цяпер, калі вакол нас такі неспакой, калі свет перажывае свае цяжкасці і хваробы, толькі ў Божым Слове і малітве мы можам адшукаць спакой і разуменне падзей, якія прывялі да радаснай Велікоднай раніцы.

На сёлетнія, так нечаканыя ў вонкавым перажыванні, Велікодныя святы жадаю, каб Змёртвыхпаўсталы Хрыстус, які ў сваёй міласэрнасці захацеў ісці разам з намі і спадарожнічаць нам да Дому Айца, праявіў да нас паўнату сваёй любячай прысутнасці ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся, і ў тым, што нас непакоіць. Няхай кожны з нас знойдзе час на тое, каб углыбіцца ў духоўныя перажыванні і падзяліцца велікоднай радасцю са сваім акружэннем. Святы Айцец Францішак нагадвае аб тым, што радасць хрысціяніна мае свае вытокі ў слуханні і прыняцці Добрай весткі аб Змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста.

Жадаю сэрца, шырока адкрытага на Евангелле, якое перамяняе наша жыццё, надае яму сапраўдны сэнс, напаўняе радасцю і вялікай надзеяй. Няхай Добрая Вестка аб смерці і Уваскрасенні Хрыста вызначае напрамак нашага жыцця, працы і адносінаў з людзьмі. Няхай кожны дом будзе домам Божай радасці, сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і святасці, дзе не будуць успамінацца ніякія крыўды, а будзе панаваць любоў, якая ўсё прабачае і перамагае.

Благаслаўлёных Велікодных святаў!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Вялікдзень, 2020