ПАСТЫРСКІ ЛІСТ КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ БЕЛАРУСІ НА НЯДЗЕЛЮ ПЕРАД УРАЧЫСТАСЦЮ ЗВЕСТАВАННЯ ПАНА

Featured

Дабравольнае знішчэнне жыцця, калі яно толькі пачынае расквітаць, з’яўляецца здрадаю нашаму пакліканню, а таксама сувязі, што злучае паміж сабой пакаленні, сувязі, якая дазваляе нам глядзець у будучыню з надзеяй!” (Папа Францішак. Аудыенцыя для Руху абароны жыцця ў Італіі; 02.02.2019)

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Шаноўныя Браты ў святарстве, Кансэкраваныя асобы

Дарагія ў Хрысці Пану Браты і Сёстры!

Літургія Слова сённяшняй нядзелі запрашае нас быць сведкамі памазання Давіда на караля. Пан скіраваў Самуэля да Есэя з Бэтлеема, бо адзін з яго сыноў павінен быць памазаны на караля. Але сярод тых, на каго паказаў Есэй, не было таго, каго выбраў Пан. “Ці гэта ўсе твае сыны?” – спытаў Самуэль. Есэй адказаў: “Застаўся яшчэ малодшы, ён пасвіць авечак. І сказаў Самуэль Есэю: Пашлі, каб прывялі яго, бо не сядзем за стол, пакуль не прыйдзе”. І сталася так. Прыйшоў той, які быў руды, меў прыгожыя вочы і прывабны выгляд. У Божых вачах менавіта ён адпавядаў крытэрям, каб быць памазаным на караля. Пан глядзіць не на тое, што бачна для вачэй, але глядзіць на сэрца. Пан убачыў, што сэрца Давіда уфармаванае і падрыхтаванае, каб ён мог стаць каралём і валадаром.

Кім жа быў Давід? Гэта асаблівы персанаж у біблейскай гісторыі. Ён меў глыбокі і асабісты кантакт з Панам Богам. У выніку гэтых адносінаў у Ізраэлі з’явіўся шацёр Давіда – месца пастаяннай малітвы. Гэты кароль паставіў на службу 4000 музыкаў і спевакоў, адзіным заданнем якіх было праслаўляць Бога. Што ж адбылося ў жыцці Давіда, што ён быў так узрушаны, каб рэалізаваць падобную ініцыятыву? Давід быў выбраны Богам, памазаны, пасвіў авечак і ў першынстве быў абмінуты. Ён мусіў без нічога стаць перад Галіяфам, будучы абмежаваным у сваіх сілах. Але нягледзячы на гэта перамог. Давід грашыў, каяўся за правіны, але трываў перад Панам, бо Ён быў для яго па-над усім. Можна сказаць, што Богу найбольш падабалася яго сэрца. Давід быў перадусім чалавекам, які ўсім сэрцам шукаў Пана Бога, прагнуў яго і любіў на кожным этапе свайго жыцця.  Гісторыя Давіда – гэта з аднаго боку гісторыя вялікіх поспехаў, як перамога над Галіяфам і заняцце каралеўскага трону, а з іншага – гэта тая частка жыцця, калі ён быў пастырам, забытым нават сваімі блізкімі (калі прыйшоў Самуэль, бацька паказаў семярых сыноў, а Давіда забыў). Давід – гэта чалавек, у якога было некалькі моцных маральных падзенняў у жыцці. Але ва ўсім гэтым ён заўсёды вяртаўся да Пана Бога, які яго шукаў і любіў. Таму сэрца Давіда было для Бога асаблівым сэрцам. Давід на працягу ўсяго жыцця быў чалавекам, які любіў Пана Бога, ішоў за Ім, паўставаў з падзенняў дзякуючы таму, што проста быў заўсёды побач з Ім.

Сёстры і браты, гісторыя Давіда паказвае нам, што Пан Бог – добры і міласэрны, увесь час хоча быць з намі і суправаджаць нас на ўсіх сцежках нашага жыцця. Праз некалькі дней мы будзем разам  святкаваць урачыстасць Звеставання Пана, галоўнай гераіняй якой ёсць Марыя. Як жа Яна падобная да ўзгаданага вышэй Давіда! Гэты дзень называецца “Днём святасці жыцця”, бо менавіта ў гэты дзень мы скіроўваем нашы думкі і ініцыятывы ў бок тых, хто працуе на карысць абароны жыцця.

Богу спадабалася сэрца Панны Марыі, бо Ён выбраў Яе быць Маці Божага Сына. Бог выбраў тое, што высакароднае ў Ягоных вачах. Прыгожая, але сціплая і не багатая дзяўчына са звычайнай сям’і была запрошана стаць пасрэдніцай у справе збаўлення чалавека. Чаму? Таму што Богу спадабалася сэрца Марыі.

Марыя з’яўляецца маладой яўрэйкай. Ведае боль і прыніжэнне. Але адначасова яна бачыць у Богу вялікую падтрымку ў штодзённасці і надзею. Марыя ведае, што Бог ёсць верны і чакае, што абяцаны Ім Адкупіцель, прыйдзе ў свет. Марыя вядзе звычайнае жыццё, характэрнае для яе часоў. Што гэта за жыццё? У тыя часы палестынскія жанчыны мелі ніжэйшы сацыяльны статус у адрозненні ад мужчын. Яны ва ўсім залежалі ад сваіх мужоў. Не мелі, напрыклад, права выступаць у судзе ў якасці сведкаў. Але гэта не перашкаджала ім падтрымліваць цёплую атмасферу ў сваіх сем’ях і дзяліцца з іншымі любоўю і аказваць пашану.

Бог цярпліва шукае і знаходзіць сэрца Марыі. А Яна ахвяруе сваё сэрца, каб даць жыццё для Езуса, Божага Сына. Яе сэрца прымае іншых, чужых, бо можа прыняць Бога, якога не бачыць. Падобна і мы, сёстры і браты, на кожным этапе нашага жыцця павінны мець свядомасць таго, што Бог выбраў менавіта нас, менавіта наша сэрца. Мы Яго выбраныя. Гэта падмурак нашай ідэнтычнасці. Бог не глядзіць на наш сацыяльны статус, на тое, дзе мы працуем, кім з’яўляемся, але на сэрца. Калі прымем гэту праўду, то станем непераможнымі, як Давід. Наша сэрца будзе непераможным, паколькі будзе чэрпаць сілу з блізкасці да Бога. Тады таксама для нас перастане мець значэнне тое, ці мы пасем авечак, ці жывем у каралеўскім палацы. Мы, як Давід, будзем мець свядомасць, што Пан паклікаў нас, каб мы былі яго ўласнасцю і жылі перад Яго абліччам.

Ужо шмат гадоў у Паўсюдным Касцёле,а таксама ў нашым практыкуецца т.зв. “Духоўнае ўсынаўленне”. Гэта малітва ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае аборт, і за яго бацькоў. Кожны раз яна працягваецца дзевяць месяцаў, а пачынаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Гэта, аднак, не азначае, што духоўнае ўсынаўленне нельга зрабіць у іншы дзень. Папа Францішак сказаў: “Калі само жыццё знаходзіцца пад пагрозаю ўжо на пачатку існавання, то тое, што застаецца не ёсць поўным удзячнасці прыняццем і захапленнем дарам, але халодным разлікам таго, што мы маем і чым можам распараджацца. Наколькі ж драматычным ёсць погляд, нажаль распаўсюджаны і ўкаранёны, які прадстаўляе аборт як права чалавека! Як шмат пакутаў ён прыносіць самым слабым з нашых братоў! (Аудыенцыя для Руху абароны жыцця ў Італіі; 02.02.2019).

Чым жа канкрэтна з’яўляецца “Духоўнае ўсынаўленне”? Гэта абяцанне, дадзенае Богу, якое складаецца з малітоўнай пастановы канкрэтнай асобы ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае забойства ва ўлонні маці. Чалавек таксама абавязваецца маліцца аб годным жыцці гэтага дзіцяці пасля нараджэння. Прычым імя дзіцяці ведае толькі Бог. Сутнасць “Духоўнага ўсынаўлення” палягае ў штодзённай спецыяльнай малітве ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, а таксама адной таямніцы ружанца і дабравольна прынятых рэлігійных практыках, як Святая Камунія, пост, дабрачыннасць. Ёсць і іншае вымярэнне “Духоўнага ўсынаўлення”, якое заключаецца ў тым, што шлюбаванне Богу мае вялікую рэлігійную вартасць для самаго чалавека, які штосьці шлюбуе. Яно ўмацоўвае яго ўнутраную паставу. Больш мабілізуе да руплівага хрысціянскага жыцця, паглыбляе сувязь з Богам.

З набліжэннем “Дня святасці жыцця”, які адзначаецца ва ўрачыстасць Звесавання Пана, мы заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і манаскіх асобаў. Ваша пастава і прыклад паказвае вернікам, як паступаць. Просім таксама, каб як мага больш вернікаў і людзей добрай волі далучалася да гэтай формы малітвы. Такім ёсць пакліканне Касцёла, агэта значыць усіх нас, якія належым да яго. Будзем жыць з перакананнем, што кожны чалавек, а значыць і той, які знаходзіцца ва ўлонні маці, належыць толькі да Бога.

Ад усяго сэрца благаслаўляем вас на трывалую малітву і рэлігійныя практыкі ў інтэнцыі абароны жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозаю.

Каталіцкія Біскупы Беларусі