Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі:

Кіруючыся распараджэннем Старшыні канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ад 13.03.2020 г., прашу захоўваць агульную гігіену ў дамах, публічных месцах і ў святынях.

Акрамя таго, загадваю ўсім святарам Пінскай дыяцэзіі ў перыяд Вялікага Посту, у нядзелі і буднія дні, пасля цэлебрацыі кожнай святой Імшы памаліцца разам з вернікамі, спяваючы суплікацыі “Святы Божа…” і дадаючы ў канцы малітоўны заклік: “Святы Андрэй Баболя, маліся за нас”.

+ Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі

Пінск, 13.03.2020 г.

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на Вялікі Пост 2020

“Пане, калі даеш мне выбар – выбіраю Твой Крыж.

Вядзі мяне і дадай адвагі, вучы, як мне трымацца Твайго Крыжа”.

(Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі)

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія браты і сёстры!

Распачынаем чарговы час, у якім маем магчымасць яшчэ больш наблізіцца да Пана Бога, спазнаць, якой вялікай Любоўю Ён з’яўляецца. Гэта асаблівы час – Вялікі Пост. Гэта час “Крыжовага Шляху” і іншых пасійных набажэнстваў. Час, калі найпаўней прамаўляе да нас Асоба Езуса Хрыста – Бога, які стаў адным з нас дзеля нашага збаўлення. Час, калі наймацней прамаўляе цярпенне Божага Сына. Час, які рыхтуе нас да Вялікага Тыдня і Святога Пасхальнага Трыдуума – трох дзён успаміну Мукі, Смерці і спачынку ў грабніцы Пана Езуса. А ўсё гэта вядзе нас да перажывання факту Уваскрасення Пана. Гэты факт напаўняе сэнсам веру і жыццё хрысціяніна.

         Хачу запрасіць вас падчас гэтага Вялікага Посту, каб мы перажылі яго разам са сведкам найвялікшых таямніц веры, якім несумненна быў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі – першы біскуп нашай дыяцэзіі, а сёння – кандыдат на хвалу алтара. Сведкам таямніц веры чыніць яго не толькі прыгожая смерць у Вялікую Суботу 1932 года, але ўсё яго жыццё, якое распачалося роўна 150 год таму, але перадусім яго душпастырства. У сваім біскупскім служэнні ён асабліва падкрэсліваў выключнасць Крыжа і яго збаўчую моц. Па прыкладу св. Апостала Паўла, Слуга Божы заахвочваў глядзець на Крыж Хрыста як на крыніцу моцы і мудрасці Божай (гл. 1 Кар 1, 17-25). Між іншым таму біскуп Зыгмунт запрашаў асабліва моладзь праводзіць і перажываць набажэнствы “Крыжовага Шляху”. Ён запрашаў таксама на супольны ўдзел у гэтым набажэнстве ў Пінскай катэдры. Сёння і я хачу паўтарыць гэтае запрашэнне. З верай удзельнічайце ў вялікапостных набажэнствах у вашых парафіяльных супольнасцях. А калі будзеце мець магчымасць, прапаную супольна сустрэцца на гэтым набажэнстве ў той самай катэдры, дзе знаходзяцца стацыі “Крыжовага Шляху”, перад якімі разам з вернікамі маліўся Слуга Божы.

         Запрашаю ахвяраваць сёлетнія набажэнствы “Крыжовага Шляху” у інтэнцыі сужэнстваў і сем’яў нашай дыяцэзіі, каб былі моцныя Богам. Прашу таксама ахвяраваць пакутныя набажэнствы падчас гэтага Вялікага Посту ў інтэнцыі шматлікіх і святых пакліканняў з нашых сем’яў да святарства і манаскага жыцця.

         На гэты святы і прыгожы час з сэрца ўсіх вас благаслаўляю.

 

+ Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі

Пінск, 24.02.2020 г.         

Велікоднае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

Featured

«Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі» (1 Кар 15, 20)

Дарагія браты і сёстры!

«Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» — гэтым традыцыйным прывітаннем спяшаемся падзяліцца, выказваючы велікодныя віншаванні. Таямніца Уваскрасення Езуса Хрыста цалкам змяніла і надалей змяняе лёсы чалавека і свету. Яна прыносіць упэўненасць у трыумфе сапраўднай любові, якая перамагла смерць і ўсім людзям адкрыла перспектыву новай надзеі.

Свята Уваскрасення Пана Езуса для кожнага з нас — гэта час радасці і сустрэчы нашых сэрцаў з жывым Хрыстом, які перамог смерць і грэх.

Раздзяляючы з вамі гэтую радасць, жадаю, каб святочныя дні і далейшае ваша жыццё было напоўнена трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам Пасхі і Любові. Няхай уваскрослы Хрыстус будзе для вас крыніцай надзеі, радасці і моцы, якія дапамогуць пераадолець усе цяжкасці штодзённага жыцця.

Жадаю, каб гэта вялікая праўда аб Уваскрасенні Езуса Хрыста ніколі не была заслонена нават вялікімі зямнымі крызісамі, катаклізмамі і клопатамі. Будзем радавацца кожнай хвілінай, якую дорыць нам Той, які стварыў неба і зямлю. Няхай радасць расцвіце ў нашых сэрцах як веснавыя галінкі вярбы, каб мы маглі дзяліцца ёю з нашымі блізкімі асобамі.

Божае Слова адкрывае перад намі сэнс балючых падзей, якія прывялі да Мукі і Смерці Езуса. Разважанне над таямніцай Хрыстовых мучэнняў за нашы грахі дазваляе нам пераасэнсаваць значэнне цяжкіх выпадкаў і сітуацый як у асабістым жыцці, так і ў жыцці Касцёла і свету.

Асабліва цяпер, калі вакол нас такі неспакой, калі свет перажывае свае цяжкасці і хваробы, толькі ў Божым Слове і малітве мы можам адшукаць спакой і разуменне падзей, якія прывялі да радаснай Велікоднай раніцы.

На сёлетнія, так нечаканыя ў вонкавым перажыванні, Велікодныя святы жадаю, каб Змёртвыхпаўсталы Хрыстус, які ў сваёй міласэрнасці захацеў ісці разам з намі і спадарожнічаць нам да Дому Айца, праявіў да нас паўнату сваёй любячай прысутнасці ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся, і ў тым, што нас непакоіць. Няхай кожны з нас знойдзе час на тое, каб углыбіцца ў духоўныя перажыванні і падзяліцца велікоднай радасцю са сваім акружэннем. Святы Айцец Францішак нагадвае аб тым, што радасць хрысціяніна мае свае вытокі ў слуханні і прыняцці Добрай весткі аб Змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста.

Жадаю сэрца, шырока адкрытага на Евангелле, якое перамяняе наша жыццё, надае яму сапраўдны сэнс, напаўняе радасцю і вялікай надзеяй. Няхай Добрая Вестка аб смерці і Уваскрасенні Хрыста вызначае напрамак нашага жыцця, працы і адносінаў з людзьмі. Няхай кожны дом будзе домам Божай радасці, сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і святасці, дзе не будуць успамінацца ніякія крыўды, а будзе панаваць любоў, якая ўсё прабачае і перамагае.

Благаслаўлёных Велікодных святаў!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Вялікдзень, 2020

 

Ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на III нядзелю Вялікага посту, 15 сакавіка 2020 года (нядзеля Caritas)

Любоў — адзіная рэч у свеце, якая павялічваецца, калі ёю дзеляцца з бліжнім. Маці Тэрэза з Калькуты

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Перыяд Вялікага посту схіляе нас задумацца над пытаннем: што значыць любіць у духу міласэрнасці? Любіць так, каб гэтая любоў распаўсюджвалася далей праз сэрцы іншых людзей? У Святым Пісанні знаходзім адказ: «Паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу» (Эф 5, 2). Такім чынам, у нашым штодзённым жыцці мы пакліканыя наследаваць прыклад самога Хрыста.

Праўда, камусьці гэты прыклад можа здавацца чымсьці недасяжным; чымсьці такім, што пераўзыходзіць чалавечыя сілы і магчымасці. Аднак жыццё многіх святых — звычайных людзей, якія з Божаю дапамогаю рэалізавалі гэтыя словы Апостала народаў, — паказвае нам, што гэта не толькі магчыма, але і неабходна для таго, каб не проста называцца, а сапраўды быць вучнямі міласэрнага Хрыста.

Асабліва яскравым узорам жыцця Хрыстоваю любоўю да бліжніх стала ў наш час святая Маці Тэрэза з Калькуты. У ёй як быццам увасобіўся жывы вобраз Хрыста — чулага, простага, адкрытага для ўсіх. Яна паказала, што ў справах міласэрнасці няма дробязяў: нават простая ўсмешка можа стаць для кагосьці падарункам Божай любові. «Кожны раз, калі вы камусьці ўсміхаецеся, — гэта ўчынак любові, падарунак іншаму чалавеку, прыгожая рэч», — казала Маці Тэрэза.

Вядома, усмешка ўпрыгожвае чалавека, але яшчэ больш яго ўпрыгожваюць добрыя ўчынкі. Учынкі і жэсты, якія прыносяць палёгку і суцяшэнне, якія робяць бліжняга больш шчаслівым. Таму прыклад святых становіцца для нас такім прыцягальным сваёй неўвядальнай прыгажосцю. Узор сапраўднага служэння бліжняму, які мы бачым у праслаўленых святых, — гэта не толькі велічна; гэта таксама вельмі прыгожа.

Калі мы больш уважліва прыгледзімся да жыцця святых, якія рабілі ўчынкі міласэрнасці, мы можам быць нават здзіўлены іх простым, будзённым падыходам да жыцця. Яны не шукалі для сябе славы, не імкнуліся здзейсніць нешта вялікае і гераічнае, не стараліся змяніць свет. Яны проста з любоўю клапаціліся пра сваіх бліжніх, пра сваіх патрабуючых братоў і сясцёр, выкарыстоўваючы кожную магчымасць для таго, каб рабіць ім дабро.

Іх справы не толькі прынеслі камусьці палёгку і суцяшэнне. Яны сталі прыкладам для іншых хрысціянаў і вучаць нас таму, як і мы павінны ставіцца да нашых братоў і сясцёр, асабліва да патрабуючых: бедных, хворых, самотных, пакрыўджаных. «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы <…> Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам», — кажа Езус сваім вучням, пачынаючы ад Апосталаў і ва ўсе наступныя часы. Ягоны загад — гэта наказ любові, які мы пакліканы рэалізоўваць у штодзённых справах міласэрнасці да бліжніх.

Аднак пры гэтым варта памятаць, што сапраўдная міласэрнасць не толькі ў тым, каб дапамагчы камусьці матэрыяльна, прысвяціць іншаму чалавеку свой час, увагу і апеку. Не менш важна стымуляваць чалавека да таго, каб ён мог палепшыць сваё жыццё з дапамогаю новай працы, навучання, перамены адносінаў і звычак. Часта нават людзі хворыя і нямоглыя маюць у сабе вялікі нерэалізаваны патэнцыял. Неабходна дапамагчы ім задзейнічаць яго для таго, каб іх жыццё стала больш поўным, а яны самі — больш шчаслівымі і рэалізаванымі людзьмі.

Папа Бэнэдыкт XVI нагадвае сучасным хрысціянам: «Важна і неабходна мець на ўвазе, што „практычная дзейнасць заўсёды будзе недастатковай, пакуль не будзе відавочная ў ёй любоў да чалавека, любоў, якая жыве сустрэчай з Хрыстом“ (Deus Caritas еst 34). І таму дабрачынная місія шматлікіх каталіцкіх арганізацый не павінна абмяжоўвацца толькі зборам альбо размеркаваннем сродкаў, але заўсёды праяўляць асаблівую ўвагу да патрабуючых, а таксама выконваць асаблівую педагагічную функцыю ў хрысціянскай супольнасці, вучачы дзяліцца, паважаць і любіць згодна з логікай Евангелля Хрыста. Дабрачынная місія Касцёла на ўсіх узроўнях павінна пазбягаць рызыкі ператварыцца ў звычайную арганізацыю дапамогі, становячыся толькі адной з яе формаў» (пар. Апостальскае пасланне ў форме motu proprio Папы Бэнэдыкта XVI Intima Ecclesiæ natura de caritate ministranda, Уводзіны).

Словы Папы на пенсіі нагадваюць нам пра тое, што выкананне справаў міласэрнасці ў сацыяльнай сферы — гэта не проста прафесійная дабрачынная дзейнасць. Гэта важная і неаддзельная частка місіі кожнага веруючага хрысціяніна.

Сучасны свет — гэта свет тэхналогій і вельмі хуткіх перамен, аднак і сёння не губляюць сваёй актуальнасці пытанні забеспячэння годнага жыцця чалавека і абароны яго правоў на задавольванне асноўных жыццёвых патрэбаў. Таму і прыклад святых — не толькі сучасных, але і тых, якія жылі ў ранейшыя часы, — застаецца для нас школай выхавання любові ў духу служэння.

Сёння Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas рэалізуе дзясяткі розных праектаў, скіраваных на дапамогу патрабуючым. Іх мэта — не толькі задаволіць матэрыяльныя патрэбы, але даць людзям духоўную і маральную падтрымку, павысіць іх кваліфікацыю, прайсці перападрыхтоўку, знайсці годнае месца працы, навучыць правільна выкарыстоўваць сродкі. Усё гэта стварае матывацыю для больш поўнага і шчаслівага жыцця ў адпаведнасці з асабістай сітуацыяй кожнага.

Дарагія вернікі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, з пастырскім клопатам пра нашу агульную будучыню мы заклікаем вас у штодзённым жыцці наследаваць прыклад Збаўцы і шматлікіх святых, якія далі ўзор міласэрнай любові і адданага служэння бліжнім. Няхай іх прыклад вас натхняе на пасільныя добрыя ўчынкі, а іх заступніцтва выпрошвае ласку для перамены сэрцаў, каб іх напаўняла ахвярная любоў Хрыста. Не будзем жа забывацца, што ў любові няма дробязяў: кожная дапамога бліжняму мае вялікую каштоўнасць у вачах нашага агульнага нябеснага Айца, а кожны добры ўчынак робіць нас унутрана прыгажэйшымі.

На час перажывання Вялікага посту ў духу міласэрнай любові і сапраўднага хрысціянскага жыцця сардэчна благаслаўляем у Імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Мінск, 11 сакавіка 2020 г.

Каталіцкія Біскупы Беларусі