15 кастрычніка ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася сустрэча духоўных і кансэкраваных асобаў, падчас якой Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока абвясціў аб змене статуса біскупа Казіміра Велікасельца ОР.
Найстарэйшы па ўзросце беларускі каталіцкі іерарх дагэтуль служыў як дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, а пасля таго, як 10 кастрычніка Папа Францішак прыняў яго адмову ад гэтай пасады, стаў біскупам эмэрытам.
Цэлебрацыю святой Імшы падзякі Богу за шматгадовае служэнне на пасадзе дапаможнага біскупа ўзначаліў у пінскай катэдры сам заслужаны іерарх.
Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, Монсіньёр Кшыштаф Сэрока, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімадрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары, якія служаць у Пінскай дыяцэзіі.
На пачатку літургіі біскуп Дзям’янка скіраваў да сабраных прывітальнае слова і нагадаў пра змену статуса біскупа Велікасельца.
Пры гэтым пастыр Пінскай дыяцэзіі падкрэсліў, што, хоць біскуп Казімір па волі Святога Айца перастаў быць дапаможным біскупам, аднак застаецца надалей Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі.
Таксама біскуп Дзям’янка зачытаў сабраным урывак з гістарычнага ліста, які ў 1945 годзе, адразу пасля заканчэння вайны, напісаў ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі, кіраўнік Пінскай дыяцэзіі на тагачасных савецкіх тэрыторыях, ксяндзу Станіславу Рыжку, шматгадовму душпастыру ў тыя ж часы на Піншчыне. У гэтым лісце ксёндз Пянткоўскі прасіў ксяндза Рыжку заставацца і верна трываць, нягледзячы на цяжкасці і ваяўнічы атэізм, нястомна прапаведаваць, служачы як душпастыр і тым, хто верыць, і тым, хто згубіўся ў жыцці.
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў прызначаны сёлета новы дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Іерарх запрасіў усіх удзельнікаў літургіі паразважаць над пытаннем, хто такі святар і ў чым сутнасць быцця святаром. Біскуп Зноска заўважыў, што людзі часта глядзяць на святара з пункту гледжання функцый і дзеянняў, якія ён выконвае, але сутнасць насамрэч глыбейшая і не заўсёды заўважальная. Гэта — «дар і таямніца», якія неабходна пазнаваць і раскрываць.
Сярод вымярэнняў святарства, якія моцна праявіліся таксама ў жыцці і служэнні біскупа Велікасельца, яго малады наступнік адзначыў боязь Божую, любоў да Касцёла і бязмежную міласэрнасць да людзей.
На заканчэнне святой Імшы цёплыя словы падзякі за шматгадовае служэнне на пасадзе дапаможнага біскупа Пінскай дыяэцзіі біскупу Велікасельцу ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі скіраваў арцыбіскуп Кандрусевіч. Узгадваючы няпросты, але вельмі плённы святарскі і біскупскі шлях найстарэйшага беларускага іерарха, арцыбіскуп Кандрусевіч з уласцівым яму пачуццём гумару прывітаў біскупа Велікасельца ў «клубе біскупаў эмэрытаў» і пажадаў яму далейшага плённага служэння столькі, колькі яму вызначыць Божы Провід.