У Драгічыне адбылося пасвячэнне касцёла

22 лютага ў горадзе Драгічыне адбылася ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла. Святыня была пабудаваная замест старадаўняга касцёла, які ў часы атэізма быў зачынены і пераабсталяваны для свецкіх мэтаў. Новы каталіцкі храм, пасля завяршэння яго пабудовы, адчыніў дзверы ў 2018 г. Яго кансэкрацыя была спецыяльна прымеркаваная на бягучы год з нагоды святкавання стагоддзя з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі.    

Святую Імшу і абрад пасвячэння касцёла ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім літургію цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыя Андрэй Зноска, а таксама архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій дыяцэзіі.  Літургія распачалася з сімвалічнага адкрыцця дзвярэй святыні. На парозе храма біскупаў з хлебам-соллю прывіталі гасцінныя драгічынскія парафіяне, а таксама мясцовы пробашч – ксёндз Павел Кручэк.

Гамілію з нагоды пасвячэння касцёла прамовіў біскуп Андрэй Зноска. Іерарх запрасіў сабраных паглядзець на кожны храм як бачны знак Божай прысутнасці, а таксама як асаблівае месца дзеяння Яго ласкі. Новая драгічынская святыня становіцца сапраўдным духоўным цэнтрам для ўсіх жыхароў гэтай мясцовасці, дзе кожны жадаючы можа напоўніцца Божай ласкай.

На завяршэнне святой Імшы біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў драгічынскім вернікам за іх моцную веру і руплівасць. Дзякуючы іх працавітасці, зразуменню патрэбаў католікаў з боку мясцовых уладаў, а таксама шчодрасці тых, хто падтрымліваў будаўніцтва сваімі ахвяраваннямі, горад на нова атрымаў прыгожае месца Божага культу і духоўнага ўзбагачэння вернікаў.