Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
«Чакае Пан, каб аказаць вам ласку, і таму ўзнімецца, каб злітавацца над вамі…
Шчаслівыя ўсе, хто на Яго спадзяецца» (Іс 30, 18).
Умілаваныя ў Езусе Хрысце святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, людзі добрай волі!
Перажываючы Юбілейны год у Паўсюдным Касцёле і сотую гадавіну з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі, уваходзім у перыяд Вялікага посту. Многія з нас памятаюць Вялікі Юбілей 2000-годдзя хрысціянства. Сёння мінае ўжо 25 гадоў ад тых памятных падзей, і перад намі адкрываецца прастора новага запрашэння, каб акунуцца ў акіян Божай ласкі і міласэрнасці (гл. Папа Францішак, Spes non confundit, 6, Рым, 09.05.2024 г.).
Касцёл, кіраваны Духам Святым, у неспасцігальных намерах Божага Провіду дае нам магчымасць кожныя 25 гадоў зачарпнуць шчодрыя ласкі з таямніцы Уцелаўлення і Нараджэння Божага Сына. Яго прыйсце ў гэты свет рэалізавала вялікую справу Адкуплення, якая здзейснілася на Крыжы і заяснела ў факце Уваскрасення. Менавіта з гэтай прычыны Вялікі пост, Вялікі тыдзень і Хрыстовая Пасха ў часе трывання Святога года яшчэ мацней падкрэсліваюць значэнне і крыніцу юбілейных ласкаў і благаслаўленняў. Перад намі адкрываецца магчымасць не толькі глыбей усвядоміць гэтую таямніцу, але нанова распазнаць сваё месца і ролю ў яе рэалізацыі на шляху збаўлення нашага і іншых людзей, каб усе мы «мелі жыццё і мелі яго ўдосталь» (гл. Ян 10, 10).
Адной з цэнтральных тэмаў Вялікага посту з’яўляецца ўмацаванне нашых адносінаў з Богам — падмуркам нашай надзеі і будучыні. Цікавай ілюстрацыяй таго, як чалавек можа адкрыць для сябе любячае аблічча Добрага Бога, з’яўляецца апавяданне пра адзін выпадак у жыцці святога Яна Паўла ІІ, калі ён упершыню як Пантыфік наведаў сваю Радзіму ў 1979 г. На сустрэчу з Папам у Кракаве сабралася вялікая колькасць студэнцкай моладзі. Сярод бязмежнай радасці ад сустрэчы са Святым Айцом студэнты заўважылі адну дзяўчыну, якая сядзела і плакала. Здзіўленыя калегі спыталіся ў яе, чаму яна плача. Яе адказ прымусіў усіх да глыбокага роздуму. Дзяўчына паўтарала словы: «Чаму Ён такі добры, а я такая дрэнная?» Было незразумела, ці гэтае «Ён» адносіцца да Яна Паўла ІІ ці да Езуса Хрыста, пра якога расказваў моладзі Папа.
Бог Добры, а які я? Гэта адно з ключавых пытанняў. Кім для мяне з’яўляецца Езус Хрыстус і як я адказваю на тое, што Ён для мяне здзейсніў, каб я мог сапраўды жыць? Вялікі пост у асаблівы час Юбілейнага года вельмі выразна ставіць перад намі галоўныя пытанні веры і жыцця і акунае нашае асабістае пытанне «А што я?» у бязмежны акіян Божай міласэрнасці (гл. Мк 10, 17–21).
Цяжка пераацаніць велізарнае значэнне таго канкрэтнага часу, які Бог дае кожнаму з нас перажываць. Як жа важна не прайсці міма шырока адчыненых брамаў Яго ласкі! Будзем жа з асаблівай руплівасцю ў гэтым Святым годзе ставіць перад сабой галоўныя пытанні веры, перажываючы кожнае пакутнае набажэнства, Крыжовы шлях і Песні жальбы ў перыяд сёлетняга Вялікага посту. З разважаннямі пра сэнс і мэту жыцця будзем распачынаць кожны рахунак сумлення, рыхтуючыся да велікапоснага сакрамэнту пакаяння і паяднання ў шчырай споведзі. Напэўна Добры Бог у бясконцай міласэрнасці не пакіне нас і шчодра падтрымае сваёй ласкай (гл. Эф 2, 4; Ян Павел II, Dives in misericordia, nr 8).
Пошук адказу на ключавыя пытанні веры і жыцця, нягледзячы на іх асабісты характар, патрабуе дапамогі супольнасці, якая нас падтрымае. Гэтай супольнасцю з’яўляецца сям’я, парафія, дыяцэзія, увесь Паўсюдны Касцёл. Гэтая вялікая сям’я вызнаўцаў Хрыста запрашае нас у 2025 годзе не баяцца зачарпнуць з крыніцаў Божай ласкі ў час Святога юбілею. А ў межах мясцовай супольнасці вернікаў мы запрошаныя сёлета ўзнесці да Бога малітву падзякі за сто плённых гадоў існавання духоўнай сям’і пад назвай Пінская дыяцэзія. Узгадваем той памятны акт заснавання нашай дыяцэзіі Папам Піем ХІ у 1925 годзе. Агортваем удзячнай малітвай яе першага біскупа Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага, а таксама яго наступнікаў на Пінскай катэдры: біскупа Казіміра Букрабу, біскупа Караля Няміру, кардынала Казіміра Свёнтка. Узгадваючы жыццёвы шлях і служэнне гэтых пастыраў мясцовага Касцёла, разважаем над тым, як Божы Провід вядзе ўсіх нас пілігрымкай веры да вечнага збаўлення.
Мы жывём у часы, калі жыццё настолькі імкліва рухаецца наперад, што здаецца немагчымай нейкая велікапосная задума і суцішэнне для глыбейшай рэфлексіі над тым, што адбываецца. Клопаты штодзённасці спакушаюць нас зусім не хрысціянскімі прыярытэтамі і не евангельскай іерархіяй каштоўнасцей. Сучасны чалавек перагружаны інфармацыяй, стомлены пастаянным вырашэннем бясконцых выклікаў і гоніцца за тым, каб паспець за бурлівым і зменлівым светам. Таму цяпер як ніколі раней нам патрэбна здаровае пачуццё дыстанцыі. Евангелле нагадвае, што нават Пан Езус часта адлучаўся на суцішэнне і малітву, каб пазней з адноўленымі сіламі жыць і дзейнічаць. Такім асаблівым запрашэннем для нас, каб малітоўна вырвацца з віру бясконцых клопатаў штодзённасці і паглядзець на яго збоку, з’яўляецца перыяд Вялікага посту. Дыстанцуючыся ад многіх рэчаў, мы адкрываем прастору для слухання Бога і сузірання свайго жыцця Яго вачыма. У такія моманты многія нашыя жыццёвыя клопаты вяртаюцца да рэальных прапорцый, без эмацыйнага перабольшвання, і распачынаецца шлях цвярозай ацэнкі сітуацыі і бачанне шырокіх магчымасцей, якія раскрывае перад намі Божы Провід (гл. Папа Францішак, Пасланне на Вялікі пост, Рым, 06.02.2025 г.).
Вялікі пост — гэта асаблівы час ласкі. Гэта запрашэнне ад Пана Бога, каб не ўцякаць ад таго, што найважнейшае, не згубіць сябе і свет асобаў сярод клопатаў аб шматлікіх рэчах (гл. Лк 10, 41–42). Гэта час на тое, каб усвядоміць, што ёсць сродкам, а што — мэтай. Каб вярнуць гармонію і парадак як у асабістае жыццё, так і ў адносіны з бліжнімі і Панам Богам.
Вялікі пост — гэта сустрэча з таямніцай Хрыстовай Мукі і ў яе святле пераасэнсавання ролі цярпенняў у нашым жыцці. Кожную цяжкасць чалавек можа ўспрымаць як бессэнсоўнае мучэнне, пагружаючыся ў пекла сканцэнтраванасці на перажыванні болю. А можна паглядзець на праблемы з перспектывы збаўчага плана Божай любові, у суцішэнні малітвы атаясаміцца не з болем, але з Хрыстом, які вядзе праз Крыж да Уваскрасення (гл. ККК, 517).
На пачатку Вялікага посту чытаем евангельскае апавяданне пра асаблівы досвед Езуса Хрыста ў пустыні, дзе на працягу сарака дзён Ён пасціўся і маліўся. Сучасны чалавек таксама патрабуе перажыць адмысловы духоўны выхад у пустыню, у суцішэнне, пост і малітву, каб ачысціцца ад пустых трывог, перажыванняў, непрапарцыянальнага ўспрымання рэальнасці і шматлікіх залежнасцей. Толькі ў прасторы сустрэчы з Богам чалавек адкрывае праўду, якая вызваляе, і любоў, якая акрыляе (гл. Ян 8, 31–36).
Божая ласка ў часе Вялікага посту адкрывае перад намі асаблівы шлях вызвалення і аздараўлення. Няхай жа гэты святы перадпасхальны перыяд, які мы перажываем у часе Святога юбілейнага года, будзе напоўнены шматлікімі духоўнымі практыкамі — постам, малітвай і міласцінай, каб мы, шчодра чэрпаючы з крыніцаў збаўлення, зразумелі, чаму «Бог такі добры», як кожны з нас можа быць добры і як гэтая дабрыня можа змяняць свет да лепшага.
На плённае перажыванне Вялікага посту з сэрца ўсіх вас благаслаўляю.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, Папяльцовая серада, 5 сакавіка 2025 г.