Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды асвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікашэвічах

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Уваходзячы ў перажыванне Адвэнту і новага літургічнага года, хачу падзяліцца з вамі радасцю з таго, што 7 снежня а 12.00 у г. Мікашэвічы адбудзецца ўрачыстае асвячэнне парафіяльнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, на якое сардэчна ўсіх вас запрашаю. 

Гісторыя Каталіцкага Касцёла на мікашэвіцкай зямлі налічвае шмат стагоддзяў. Асобная і самастойная каталіцкая парафія, незалежная ад старадаўняй цэнтральнай парафіі ў Лунінцы, арганізавалася тут у канцы XIX стагоддзя ў сувязі з развіццём гэтага мястэчка і ростам колькасці насельніцтва. На пачатку XX стагоддзя замест драўлянай капліцы стараннямі мясцовых вернікаў у Мікашэвічах быў пабудаваны парафіяльны касцёл, які пасля ваенных ліхалеццяў і ночы атэізма быў страчаны.

Пасля працяглага перыяду нявызначанасці, замест ранейшай святыні, дзякуючы руплівасці парафіянаў і душпастыраў, а таксама дзякуючы прыхільнасці мясцовых уладаў, якія са зразуменнем аднесліся да патрэбаў мікашэвіцкіх католікаў, у 2005 г. гэтай парафіі быў перададзены будынак у цэнтры старой часткі горада з мэтай яго адаптацыі пад касцёл. Пасля некалькіх этапаў рамонтных прац будынак новай парафіяльнай святыні стаў яшчэ адным упрыгажэннем горада Мікашэвічы, а мясцовыя вернікі цешацца пладам сваёй і мясцовых душпастыраў руплівай працы атрымаўшы годнае месца для супольнай малітвы, набажэнстваў, цэлебрацыі святых сакрамэнтаў.   

Запрашаю святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць асвячэння новага парафіяльнага касцёла ў Мікашэвічах.

У асаблівы час, калі Паўсюдны Касцёл рыхтуецца да Юбілею Адкуплення, а Пінская дыяцэзія адзначае сто гадоў з даты яе заснавання, няхай нашая супольная малітва 7 снежня стане знакам салідарнай духоўнай падтрымкі для мясцовай парафіі, разам з якою хочам раздзяліць радасць гістарычнага акту асвячэння – аддання мікашэвіцкага касцёла ў выключнае служэнне на Божую хвалу і дзеля збаўлення людзей.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі       

Пінск, 27 лістапада 2024 г.